|
|
Аднак пры гэтым ня ведаюць гістарычных дзеячоў і лічаць сваім постсавецкі сьцяг.
Беларусы лічаць вялікае Княства Літоўскае першай беларускай дзяржавай. Пры гэтым пераважная большасьць прызнае сваімі сымбалямі чырвона-зялёны сьцяг і ня ведае нацыянальных герояў. Сацыялягічнае дасьледваньне на тэму гістарычнай памяці беларусаў нядаўна правяла кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з лябараторыяй “Новак”. Парадаксальныя вынікі апытаньня камэнтуюць сацыёлягі й гісторыкі.
Паводле вынікаў апытаньня, праведзенага ў сакавіку гэтага году, 25% беларусаў лічаць пачаткам беларускай дзяржаўнасьці Полацкае й Тураўскае княствы, амаль 45% - Вялікае Княства Літоўскае, 18% - БССР і каля 10% - Беларускую Народную Рэспубліку. Самая вялікая група беларусаў, як маладых, так і старэйшых, усьвядоміла, што крыніцай беларускай дзяржаўнасьці зьяўляецца ВКЛ. І гэта – перамога беларускай гістарычнай навукі, лічыць гісторык Алесь Краўцэвіч.
А. Краўцэвіч: Калі найбольшая група беларусаў лічаць першай беларускай дзяржавай Вялікае Княства Літоўскае – гэта значыць, што нашая 20-гадовая праца па папулярызацыі гэтай дзяржавы не прайшла дарэмна. Канешне, трэба пачынаць з Полацкага й Тураўскага княстваў, але бачны плён таго, што мы ўводзілі гістарычныя веды ў масавую сьвядомасьць.
Нягледзячы на тое, што 45% беларусаў лічаць першай беларускай дзяржавай ВКЛ, яго сымбалі – “Пагоню” й бел-чырвона-белы сьцяг – сваімі лічыць крыху менш за 10%. 67,5% беларусаў сваёй сымболікай называе цяперашнія постсавецкія герб і сьцяг. Як растлумачыць гэты парадокс?
І ВКЛ, і посткамуністычныя сымбалі суіснуюць ў сьвядомасьці беларусаў адначасова. Людзі проста ставяцца да іх як да дадзенасьці – лічыць гісторык Алесь Краўцэвіч.
А. Краўцэвіч: Людзі ведаюць, што ВКЛ было беларускай дзяржавай, але зараз афіцыйна прыняты гэты сьцяг – значыць, трэба яго шанаваць. Яны адносяцца да сучаснай сытуацыі як да дадзенасьці.
Вынікі апытаньня паказваюць, што розныя кавалкі гісторыі Беларусі яшчэ не ўклаліся ў галовах грамадзянаў у цэльную карціну – лічыць прэс-сакратар кампаніі “Будзьма!” Алесь Плотка. Парадаксальная розьніца паміж папулярнасьцю ВКЛ і меркаванай непапулярнасьцю “Пагоні” тлумачыцца тым, што “Пагоня” – забаронены сымбаль, а Вялікае Княства – не, мяркуе Алесь Плотка.
А. Плотка: ВКЛ не зьяўляецца ў беларускім грамадзтве сымбалем маргінальным і забароненым. Калі ж казаць пра “Пагоню” й бел-чырвона-белы сьцяг, то іх статус зьяўляецца вельмі вострым. Людзі роста ня хочуць пра гэта гаварыць. Гэта меркаваньне не сацыёляга, а маё прыватнае меркаваньне – як чалавека, які сутыкаўся з гэтымі парадоксамі.
40% беларусаў не змаглі прадоўжыць фразу: “Калі беларускі гістарычны дзеяч – дык гэта...” Разам з тым, калі сацыёлягі прапанавалі сьпіс гістарычных постацяў, то беларусы прызнавалі, што імёны асобаў з гэтага сьпісу ім добра знаёмыя. Чаму беларусы так слаба ўспрымаюць сваіх нацыянальных герояў? Бо пра іх ня кажуць у СМІ – мяркуе гісторык Алесь Краўцэвіч.
А. Краўцэвіч: Каб нацыянальныя героі трымаліся ў сьвядомасьці людзей. Іх трэба пастаянна паказваць, ажыўляць. Трэба друкаваць кніжкі, праводзіць фэсты, здымаць кінафільмы, рабіць тэлеперадачы, ток-шоў. Тады складзецца пантэон герояў. А ў нашай сытуацыі якія могуць быць героі? У нас адзін герой, адна зорка! У нас адзін вышэйшы за Бога! Ён проста ня церпіць каля сябе нікога, таму ў нас і няма пантэону герояў.
Дзяржаўная палітыка прывяла да таго, што беларусы ня могуць прыгадаць герояў, на якіх трэба раўняцца й якімі можна ганарыцца. Гэта паніжае самаацэнку цэлага народу, не дае сфармавацца здароваму патрыятызму, спрыяе “ўцечцы мазгоў” і працоўных рук – канстатуе сацыёляг Аляксандар Сасноў
А. Сасноў: Беларусы ўвогуле слаба чапляюцца за сваё мінулае й за сваю беларушчыну. Яны вельмі лёгка адмаўляюцца ад яе: выяжджаюць у Расею – становяцца расейцамі, выяжджаюць у Польшчу – становяцца палякамі. Так было і ў мінулым. У нас няма мэтанакіраванай палітыкі па ўкараненьні нацыянальнай сьвядомасьці. І таму мы маем такія вынікі.
З гэтай прычыны кампанія “Будзьма беларусамі!” вырашыла пашыраць папулярнасьць нацыянальных герояў сярод моладзі, кажа яе прэс-сакратар Алесь Плотка.
А. Плотка: Мы робім сучасныя праекты, якія імкнуцца быць “у трэндзе”. Мы ўкладаем гістарычных герояў у анімацыю, якой мы маем поўнае права ганарыцца. У гэтай анімацыі кожная гістарычная асоба пададзеная як модны, “лайкабельны” пэрсанаж, каб падлетак, які пабачыў яе, мог сказаць, як мінімум, што Міндоўг – гэта “круты дзядзька”.
Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”, які ў форме коміксу расказвае пра гісторыю краіны, стаў хітом інтэрнэту й заваяваў прызы фэстываляў рэклямы. А нядаўна кампанія “Будзьма” выпусьціла кніжку-маляванку, дзякуючы якой самыя маленькія беларусы ды іх бацькі ў простай і вясёлай форме могуць даведацца пра герояў беларускай мінуўшчыны.
Спампаваць маляванку можна тут.