|
|
Інтэрвію з Мацеям Данцэвічам з польскай Рады аховы памяці змаганьня й пакутніцтва.
На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца пахаваньні тысяч польскіх жаўнераў. Гэта ўдзельнікі польска-бальшавіцкай вайны 20-ых гадоў мінулага стагодзьдзя й ахвяры верасьнёўскай кампаніі 1939 году. Для дагляду за такімі месцамі, ня толькі ў Беларусі, але й ва ўсім сьвеце, у Польшчы была створаная адмысловая арганізацыя - Рада аховы памяці змаганьня й пакутніцтва.
Яе чальцы ня толькі дбаюць пра належны стан польскіх пахаваньняў, але й шукаюць невядомыя дагэтуль магілы, дасьледуюць гісторыю польскіх вайсковых фармаваньняў і іх лёс на тэрыторыі тых краін, дзе палякам даводзілася ваяваць альбо знайсьці апошні спачын.
Пра супрацу Рады зь Беларасьсю мы сёньня гутарым са старшынём яе замежнага аддзелу Мацеям Данцэвічам.
Сп. Мацей, у якім стане сёньня знаходзяцца польскія ваенныя могілкі ў Беларусі?
М. Данцэвіча: У Беларусі мы не назіраем якіх-колечы дзеяньняў накіраваных на зьнішчэньне нашых пахваньняў, як гэта было ў савецкія часы. У БССР палякі баяліся даглядаць за гэтымі магілкамі, сёньня ж беларускія палякі па меры магчымасьцяў гэта робяць. Калі й адбываюцца нейкія акты вандалізму, то нам пра гэта паведямляюць. Улады Беларусі сочаць за тым, каб такіх да такіх хуліганскіх дзеяньняў не даходзіла. Калі казаць пра тэхнічны стан могілак, то ў нас у Беларусі няма аніякіх праблемаў.
Не сакрэт, што палітычныя адносіны паміж Варшаваю й Менскам сёньня ня вельмі прыхільныя. Ці адбіваецца гэта на вашай працы ў Беларусі?
М. Данцэвіч: Не, наадварот, зь беларускімі ўладамі ў нас вельмі добрая супраца, ці то на цэнтральным, ці то на лякальным узроўні. У 2008 годзе мы працавалі разам зь 52 беларускім сапёрскім батальёнам. Гэта, дарэчы, ці не адзіная ў сьвеце вайсковая структура, якая займаецца археалягічымі дасьледаваньнямі й эксгумацыяй. Беларускае войска дапамагала нам і тэхнічна й фізычна. Усё адбывалася са згоды Міністэрства абароны Беларусі.
Вы казалі, што за могілкамі вельмі часта даглядаюць мясцовыя палякі. А як да польскіх пахаваньняў ставяцца беларусы? Гісторыя складалася па-рознаму й беларусам ня раз з палякамі даводзілася ваяваць.
М. Данцэвіч: Беларусы зь вялікай пашанай ставяцца да памерлых, незалежна ад нацыянальнасьці. Я на ўласныя вочы бачыў, як беларускія бабулі маліліся ля магіл невядомых польскіх жаўнераў. Падчас Вялікай айчыннай вайны беларусы панесьлі вялізарныя страты, шмат у якіх сем’ях сваякі так і не вярнуліся з вайны. Думаю, што менавіта таму беларусы з такой павагай і па-чалавечы ставяцца да ваенных пахаваньняў.
Але нельга забываць, што для многіх беларусаў, якія жылі ў міжваеннай Польшчы, ІІ Рэч Паспалітая не была краінай іх мары.
М. Данцэвіч: Зразумела, для беларусаў 17 верасьня 1939 году гэта абсалютна іншая гістарычная падзея, чым для палякаў. У Кобрыне, дзе мы працавалі супольна зь беларускім войскам і пры дапамозе мясцовага насельніцтва, ёсьць вуліца 17 верасьня. Для кагосьці міжваенная Польшча – гэта краіна, якая іх акупавала, але гэта, на мой погляд, не да канца так. У Войску Польскім у 1939 годзе было шмат беларусаў і гэта былі вельмі адважныя жаўнеры. Быў адзін акупант, і гэта ведаюць як беларусы, так і палякі – акупавалі немцы. Страты Беларусі з-за нямецкай акупацыі былі вялізарныя й параўнаньне зь нейкай польскай акупацыяй – ня толькі няпраўда, але й абраза.
Ці ўдалося Вам цягам апошніх гадоў зрабіць нечаканыя адкрыцьці на Беларусі?
М. Данцэвіч: У 2008 годзе беларускі бок паінфармаваў нас, што ў вёсцы Падзяменьне знаходзяцца польскія магілы. Падчас археалягічных працаў на верх пачалі прасочвацца польскія прадметы: гузікі й індэтыфікатары паліцыянатаў. Пазьней выявілася, што там пахаванае й цывільнае насельніцтва. Агулам мы выявілі 42 целы, у тым ліку й трох жанчын. Яны былі забітыя прабальшавіцкай бандай, якая дзейнічала адразу пасьля 17 верасьня 1939 году. Сярод забітых былі і ўцекачы з Варшавы. Адзіны знойдзены дакумэнт належыў былому варшаўскаму судзьдзі. То бок там былі й мірныя людзі.
А ці мясцовае насельніцтва ведае пра такія месцы? Ці былі выпадкі, калі менавіта простыя людзі дапамагалі Вам знайсьці польскія пахаваньні?
М. Данцэвіч: Пад Горадняй быў такі выпадак, калі нашаму Консульству старыя людзі распавялі пра пахаваньне польскага жаўнера. Яго пахавалі бацькі гэтых людзей, пахавалі ў садзе, каля дому. У такіх выпадках мы робім захады, каб перанесьці парэшткі на вайсковыя могілкі, у гэтым выпадку ў Горадню. Пры нагодзе я б хацеў падзякаваць беларусам зь якімі даводзілася працаваць. Гэта й простыя людзі й чыноўнікі. Часта даводзіцца чуць, што Беларусь – гэта варожы нам край, бо там калісьці была Польшча. І ў Беларусі, маўляў, палякі вернуцца й забяруць кавалкак краіны. Але я не сутыкаўся з такімі варожымі адносінамі. Вельмі часта былі сытуацыі, калі да нашых археолягаў прыходзіла бабуля, прыносіла бульбу й кіслае малако, каб накарміць нас. Мы гэта цэнім і ўдзячныя за гэта беларусам.
Гутарыў Дзьмітры Гурневіч