|
|
Першы дзень Halfway Festival паказаў, што новая музычная імпрэза можа стаць традыцыйнай для Беластока. Прынамсі, на гэта спадзяюцца арганізатары мерапрыемства, якое праходзіць у канцэртнай залі Падляшскай оперы і філармоніі.
У гэтыя выходныя адбываецца першая частка імпрэзы, прысвечаная аўтарскай песні, якую прадставілі музыкі з Польшчы, Швецыі, Літвы і Беларусі. Як кажа галоўны рэдактар партала tuzin.fm Сяргей Будкін, беларускія музыкі вартыя таго, каб іх пачулі ў Еўропе.
- Таму што мы прапагандавалі ідэю, што беларусы мусяць прысутнічаць на еўрапейскіх фестывалях. І прапагандавалі даволі даўно і паспяхова рэалізоўвалі і не толькі тут. Вельмі радасна, што ўсё атрымалася як мае быць і што беларусы выдатныя выканаўцы, якія падаюць надзеі, каб стацца вядомымі на ўвесь свет, выступаюць і тут – у Беластоку.
Беларускую аўтарскую песню прадставіў гарадзенскі гурт “Людзі на балоце”, а таксама Паліна Рэспубліка – пераможца мінулагодняй “Бардаўскай восені:
- Я адчуваю, што гэты фестываль ужо трошкі іншага ўзроўню, таму што калі ты ў Беларусі выступаеш з музыкамі беларускімі, гэта адзін узровень. А тут міжнародны фестываль і нават такая вялікая заля.
Сёння на сцэну Падляшскай оперы і філармоніі запрашаюць выканаўцы з Францыі і ЗША.
Halfway Festival вернецца ў Беласток праз тры тыдні, калі на сцэну выйдуць прадстаўнікі фолькавай музыкі, у тым ліку і беларусы - Наста Някрасава з уласным праектам FolkRoll і гурт Re1ikt.
Яна Запольская, Радыё Рацыя. Фота Хрыстафора Ангельчыка.