|
|
У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі "Слоўнік свабоды". Збор твораў розных беларускіх пісьменнікаў уяўляе сабой перавыданне ў асобнай кнізе выдаванага раней спецыяльнага нумара часопіса "Arche". Ідэя кнігі палягае на адлюстраванні гісторыі краіны ў тлумачэннях асобна ўзятых словаў, якія кожны аўтар абіраў сам. Такая канцэпцыя ў беларускай літаратуры была рэалізаваная ўпершыню, кажа адзін з аўтараў кнігі, мастацтвазнаўца Вячаслаў Ракіцкі:
- Кожны з нас выбіраў тое слова, якое лічыў ключавым для 20-га стагоддзя. Мы ўкладалі сваё разуменне гэтага слова, разумеючы, што гісторыя таксама можа скласціся са словаў. З майго гледзішча гэтая кніга своеасаблівая гісторыя 20-га стагоддзя ў словах.
Кніга "Слоўнік cвабоды" выдадзена адмыслова да 10-ці годдзя серыі "Бібліятэка "Свабоды". У межах святкавання знакавай для кніжнай серыі даты ў мінскай кнігарні выдавецтва "Логвінаў" ужо адбыліся некалькі літаратурных імпрэзаў, сярод якіх прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова "Пакуль ляціць страла" і ўручэнне прэміі "Гліняны Вялес" з прэзентацыяй кнігі Аляксандра Лукашука "Сьлед матылька". Завершыцца святкаванне 10-ці годдзя серыі святочнай літаратурнай імпрэзай, якая пройдзе ў мінскай "Арт-сядзібе" 8 чэрвеня.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.