|
|
Па словах заснавальніка Алеся Аркуша, прэмія з’яўляецца найстарэйшай літаратурнай узнагародай сучаснай Беларусі. Штогод «Гліняным Вялесам» узнагароджваюць найлепшага літаратара прамінулага года. Лаўрэатам сёлеташняй прэміі стаў пісьменнік Аляксандр Лукашук з кнігай «Палёт Матылька». Твор пабачыў свет у серыі «Бібліятэка «Свабоды» і напісаны ў жанры нон-фікшн, альбо літаратурнай журналістыкі. Прэзентацыя кнігі і ўручэнне прэміі «Гліняны Вялес» стала сапраўдным святам, як кажа ўганараваны літаратар Аляксандр Лукашук.
- Мне шкада, што слухачы Радыё Рацыя не могуць прысутнічаць і чуць тое, што людзі гаварылі, спявалі і чулі. Можна сказаць, што гэта было свята. І як пасля любога свята, памяць пра яго застаецца і дае зусім новую энергію, якая дапамагае пасля зусім іначай пабачыць, запісаць і сказаць.
Літаратурную імпрэзу прэміі «Гліняны Вялес» наведалі з выступамі шматлікія беларускія літаратары, між якіх Уладзімір Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Акудовіч і іншыя. Адбыліся ўручэнне «Глінянага Вялеса» і прэзентацыя новай кнігі Аляксандра Лукашука ў кнігарні выдавецтва «Логвінаў» у Мінску. Прэміі «Гліняны Вялес» уручалася ў 19-ты раз. Цяпер заснавальнікі прэміі рыхтуюцца да юбілейнай 20-й прэміі.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя