|
|
15-годдзе навучання беларускай мовы ў Беластоку
15 гадоў навучання беларускай мовы ў школах Беластока ўрачыста адзначылі ў кіно "Форум", з удзелам вучняў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовай улады і падляшскага самакіравання. Адмысловым госцем сённяшняй урачыстасці былі Агата Пасант і Ян Баркоўскі з фонду імя Агнешкі Асецкай. Госці з Варшавы прыехалі каб пабачыць спектакль, у аснову якога ляглі вершы Агнешкі Асецкай ў перакладзе на беларускую мову Аліны Ваўранюк.
Агата Пасант – дачка Агнешкі Асецкай была захоплена спектаклем і мілагучнасцю вершаў на беларускай мове:
- Я вельмі хацела прыехаць у Беласток, бо ўпершыню ў гісторыі з’явіліся пераклады вершаў Агнешкі Асецкай на беларускую мову. Мне вельмі спадабалася гэта ідэя, што хтосьці ўзяў гэтыя сучасныя і папулярныя тэксты. Думаю, што гэта добры спосаб камунікацыі з іншымі выканаўцамі з Беларусі, якія звернуцца да гэтых перакладаў, можа гэтыя песні яшчэ будуць жыць. Вельмі добрая ідэя, акрамя гэтага мне спадабаўся сам спектакль, бо быў вельмі цудоўна зрэжэсераваны, з кожнай песенькі быў зроблены міні-спектакль.
15 гадоў навучання беларускай мовы ў Беластоку - гэта некалькі сотняў маладых беларусаў, якія мелі магчымасць вывучаць беларускую мову ў школе, хадзіць ў тэатр, прымаць удзел у шматлікіх гуртках, якія прапагандавалі беларускую культуру. Плён гэтай працы, моладзь і дзеці паказалі сёння на сцэне кіно "Форум".
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.