|
|
У Мінску адкрыецца выстава, прысвечаная 125-ці годдзю сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Выстава пройдзе ў фармаце "Паблік-арт". Наўпрост на адной з плошчаў горада Мінска з’явяцца 9 палотнаў Марка Шагала на вялікіх стэндах з анатацыямі да кожнай працы. На выставе будуць прадстаўленыя карціны, створаныя мастаком у той час, калі ён жыў і працаваў у Віцебску. Экспазіцыя будзе выстаўляцца на плошчы Якуба Коласа. Цырымонія адкрыцця прызначаная на 7 чэрвеня і мусіць выглядаць як сапраўднае гарадское свята, кажа адна з арганізатараў выставы, дырэктарка музея сучаснага выяўленчана мастацтва Наталля Шаранговіч:
-Адкрыццё выставы перарасце ў сапраўднае свята горада Мінска. Безумоўна мы разумеем, што могуць быць розныя меркаванні, таму што мастацтва, якое выходзіць на гарадскія пляцоўкі, для нас яшчэ не вельмі звычайнае. Але гэтая выстава будзе працаваць больш за тры месяцы. Думаю, што за гэты час і турысты, і людзі, якія будуць прыходзіць, крышку прызвычаяцца, зацікавяцца.
На адкрыцці выставы адбудзецца выступ музычнага калектыву "Класік-авангард" з праграмай адмыслова падрыхтаванай да 125-ці годдзя Марка Шагала. Чакаюцца тэатральныя прадстаўленні, перформансы і захапляльнае шоў. У афіцыйнай частцы адкрыцця выставы возьмуць удзел прадстаўнікі ўладаў. Адбудзецца цырымонія адкрыцця выставы, прысвечанай 125-ці годдзю Марка Шагала, 7 чэрвеня а 17:30 на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.