Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу

Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу


Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Мінску сваю новую кнігу "Пакуль ляціць страла. 100 пытаньняў пісьменьніку". Новы твор аўтара выдадзены ў серыі “Бібліятэка “Свабоды”. Кніга мае эпісталярны жанр і ўяўляе сабой адказы Уладзіміра Арлова на дасланыя яму пытанні. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Мінску, у кнігарні выдавецтва "Логвінаў". Імпрэзу наведалі шматлікія беларускія літаратары і дзеячы культуры. "Гэтая прэзентацыя дала мне, як пісьменніку, натхненне на далейшую працу,” - зазначае Уладзімір Арлоў.

- Такія прэзентацыі даюць тое, што называецца зваротнай сувяззю з чытачом. Пісьменнік адчувае, што тое, чым ён займаецца, патрэбнае. Адчувае прысутнасць у нашым грамадстве той крэатыўнай меншасці, якая ў рэшце рэшт і вырашае ўсе кардынальныя праблемы жыцця нацыі.

Кніга Уладзіміра Арлова "Пакуль ляціць страла. 100 пытаньняў пісьменьніку" з’яўляецца адной з трох кніг, выдадзеных да 10-годдзя серыі "Бібліятэка "Свабоды", якую заснавала радыё "Свабода". У бліжэйшыя дні адбудзецца прэзентацыя яшчэ 2-х выданняў з серыі, сярод якіх кніга Аляксандра Лукашука "Палёт матылька. Освальд у Менску" і кніга "Слоўнік Свабоды".

Завершыцца святкаванне 10-годдзя серыі "Бібліятэка "Свабоды" вялікай літаратурнай вечарынай, якая адбудзецца 8 чэрвеня ў "Арт-сядзібе" ў Мінску.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя