Слава Слуцкім героям прагучала ў Беластоку

Беларускае Радыё Рацыя, Яна Запольская
29.11.2010


“Мы выйдзем шчыльнымі радамі” – беларускі нацыянальны гімн загучаў у Беластоку падчас адзначэння 90-ых ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. На сцэну выйшлі прафесар Алег Латышонак, які распавёў прысутным гісторыю паўстання, і бард Андрэй Мельнікаў, які заспяваў свае ваярскія песні.

Намеснік галоўнага рэдактара тыднёвіка “Ніва” Віталь Луба адзначае, што беларусы Беласточчыны адзначаюць дзве найважнейшыя даты ў гісторыі Беларусі:

– Першае – гэта 25-ае сакавіка, а другая такая дата – гэта дзень Слуцкага збройнага чыну. Ужо некалькі гадоў запар мы збіраемся, каб адзначыць гэтыя важныя падзеі нядаўняй гісторыі Беларусі, калі станавілася Беларуская Народная Рэспубліка, калі ад гэтага пачалася беларуская сучасная дзяржаўнасць.

Песні Андрэя Мельнікава дапоўнілі і аздобілі змест самой імпрэзы – кажа настаўнік гісторыі з Гайнаўкі Яўген Янчук:

– Калі паглядзець на творчасць Андрэя Мельнікава, то ён закранае перадусім гістарычныя тэмы і тэмы, звязаныя з патрыятызмам. А Дзень вайсковай славы ці Дзень Слуцкага паўстання – гэта якраз гістарычна-патрыятычныя падзеі.

Па словах самаго Андрэя Мельнікава, Слуцкае паўстанне ўваходзіць у агульную мазаіку беларускага падмурка:

– Падмурак Беларусі ён такі мазаічны, складаецца з важных датаў, гераічных, самаахвярных. Вось Слуцкі збройны чын – гэта адзін з кавалкаў гэтага падмурка.

Святкаванне ў Беластоцкім ваяводскім асяродку анімацыі культуры арганізавалі Беларускае гістарычнае таварыства і Радыё Рацыя. Другі год запар па ініцыятыве прафесара Алега Латышонка 27 лістапада беларусы Падляшша запальваюць знічы ў вокнах у памяць аб героях, якія змагаліся за незалежнасць сваёй дзяржавы.

Фота
  • Фота 1/11
  • Фота 2/11
  • Фота 3/11
  • Фота 4/11
  • Фота 5/11
  • Фота 6/11
  • Фота 7/11
  • Фота 8/11
  • Фота 9/11
  • Фота 10/11
  • Фота 11/11

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя