|
|
Не сыходзіць са старонак інтэрнэт-рэсурсаў тэма гістарычнага раёну Горадні Новы Сьвет, якому ўвесь час пагражае поўнае зьнішчэньне. І вось напярэдадні Дня Перамогі зьнесены чарговы дом гэтага ўнікальнага раёну па вуліцы Дзяржынскага 20. Дамок быў, канешне, занядбаны. Але гэта значыць, што імавернае зьнішчэньне пагражае суседняму – больш значнаму двухпавярховаму драўлянаму будынку, вядомаму пад назвай “Гусарскі дом”. Ён, дарэчы, знаходзіцца ў даволі неблагім стане.
Але найбольшую дыскусію ў сеціве выклікала вестка, што будуць пашыраць і працягваць вуліцу Астроўскага да мікрараёну Дзевятоўка, што ў выніку мусіць абярнуцца выпілоўкай дрэваў і зносам шэрагу прыватных дамоў. Калі глянуць на карту праекту будучай вуліцы, дык давядзецца ўвішным “рэканструктарам” зьнесьці прыватную камяніцу й частку сталоўкі нядаўна адрамантаванага Вайсковага Шпіталю, які сам па сабе зьяўляецца гістарычным будынкам – помнікам архітэктуры.
Ці то памыліліся праектанты ці тыя, хто маляваў мапу, ці тыя, хто ўвогуле задумаў чарговую рэканструкцыйную авантуру – хіба адно чэрці ведаюць. Вуліцу Астроўскага плянуюць пашырыць да чатырох палосаў руху, што нібыта палепшыць транспартнае спалучэньне. Як заўсёды помпа, нечуваная радасьць начальнікаў. А што мы маем насамрэч?
Інтэрнаўты абураюцца, што на вуліцы знаходзяцца дзьве дзіцячыя ўстановы – садок і Абласны дзіцячы шпіталь, які разбудавалі коштам выпілоўкі паблізкіх дрэваў. Гэта ў далёкі савецкі час нібы дзейнічаў лёзунг “Усё лепшае – дзецям!”. Тады сапраўды на тэрыторыі дзіцячага шпіталю быў шыкоўны сад і зеляніна. А цяпер усё ператварылі ў голую пустэльню, як нейкі выган для быдла. Няўжо гэтых “канавалаў ад рэканструкцыі” зусім не хвалюе лёс ХВОРЫХ ДЗЯЦЕЙ? Выходзіць, што ані крыху! Абы атрымаць замову й грошы! А ці гэта будзе зручна для людзей – ім напляваць!
Як паведамляе мясцовая газэта “Вячэрні Гродна”, замоўца аб’екту ЖКГ, а праектна-сьметную дакумэнтацыю распрацоўвае Інстытут “Гроднаграмадзянпраект”. Цікавая рэч атрымліваецца! Тэндэр на распрацоўку праектна-сьметнай дакумэнтацыі прызначаны на 21 траўня. Але ці мэтазгодна яго праводзіць у дадзенай сытуацыі? Навошта гэтае мерапрыемства, калі вядома хто яе ўжо распрацоўвае? Няўжо толькі дзеля справаздачы аб дэмакратычным падыходзе да справы?
Кажуць, раней пры “рэканструкцыі” Горадні, было й такое, што спачатку рабілі аб’ект, а пасьля зьяўлялася праектна-сьметная дакумэнтацыя, а колішні старшыня аблвыканкаму ўжо пры выкананьні працаў, мягка кажучы, карэктаваў і павучаў будаўнікоў як трэба правільна рабіць!
Няўжо тут, як у той прымаўцы, сьпярша рэжуць, а пасьля сем разоў мераюць? На тое выходзіць, калі ўдумацца ў сытуацыю. Калі вуліца пашырыцца да чатырох палосаў руху – гэта азначае павелічэньне транспарту і ў выніку загазаванасьці Новага Сьвету. Бедныя дзеткі са шпіталю ды дзіцячага садка! Няўжо ім давядзецца дыхаць гэтым выхлапным смуродам аўтатранспарту? На вуліцы ж кандыцыянэраў не паставіш...
Вацлаў Галімскі, Горадня