З. Пазьняк: Мы павінныя ведаць людзей, якія здабылі Беларусі незалежнасьць

Бібліятэкар

Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 10.09.2010 г.


9 верасьня ў Палацы навукі й культуры ў Варшаве Зянон Пазьняк прадставіў публіцы шэраг новых навуковых кніг, якія адлюстроўваюць першыя гады станаўленьня незалежнай Беларусі. Палітык падкрэсьліў, што падзеі гэтага часу мэтанакіравана замоўчваюцца сучаснымі ўладамі, таму ён вырашыў апублікаваць унікальныя дакумэнты, а таксама сьведчаньні ўдзельнікаў гітарычна важных падзеяў.

Першая з прадстаўленых Зянонам Пазьняком кніг называецца “Дэпутаты незалежнасьці”. Яна прысьвечана дэпутатам фракцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, дзякуючы якім Беларусь стала сувэрэннай краінай.

З. Пазьняк: У кнізе сабраныя артыкулы Сяргея Навумчыка, а таксама мае ўласныя, якія апісваюць розныя аспэкты здабыцьця незалежнасьці. Таксама ў ёй разьмешчаны вялікі артыкул “Дэпутаты Незалежнасьці”, які апісвае дзейнасьць апазыцыі народнага фронту ў Вярхоўным савеце ў 1990-1991 гадох. Гэта прыняцьцё Дэклярацыі незалежнасьці, стварэньне заканадаўства, барацьба за беларускае нацыянальнае войска, стварэньне беларускіх грошай, прыняцьцё закону аб грамадзянстве і г. д.

Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што такія людзі як Ігар Пырх, Сяргей Папкоў, Сяргей Слабчанка, Галіна Самадзянава й іншыя былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета сёньня цалкам забытыя. Але менавіта іх намаганьнямі Беларусь зьявілася на палітычнай мапе сьвету. Таму ў кнізе разьмешчаныя біяграфіі ўсіх 30 дэпутатаў фракцыі БНФ.

Акрамя гэтага Зянонам Пазьняком былі прадстаўленыя кнігі “Дэклярацыя. Першы крок да Незалежнасьці” і першыя два тамы з сэрыі “Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня.”

З. Пазьняк: Першая кніга называецца “Развагі”, другая – “Цяжкі час”. Усяго будзе выпушчана 4 тамы. Першы апісвае пэрыяд з 1990 па 1996 год. У кнізе зьмешчаныя ня толькі навуковыя артыкулы, але й вялікая колькасьць дакумэнтаў, фатаграфіяў, якія паказваюць, якімі былі гаспадарчая сытуацыя, раскладка палітычных сілаў, якія былі прынятыя рашэньні. Другі том – “Цяжкі час”, прысьвечаны пэрыяду з 1996 да 2002 году. Гэтая кніга фармату А4 мае амаль 500 старонак. У першай яе частцы зьмешчаныя навуковыя артыкулы, а ў другой –дакумэнты. Ёсьць тут нават сьпіс дакумэнтаў, прынятых і падрыхтаваных з удзелам апазыцыі. У кнізе публікуюцца таксама рэдкія фатаграфіі. Вельмі істотна выдаць гэтыя дакумэнты менавіта сёньня, таму што цяперашні беларускі рэжым ня толькі замоўчвае гістарычныя факты, але й зьнішчае дакумэнты. Напрыклад, стэнаграмы сэсіяў Вярхоўнага Савета ў шматлікіх бібліятэках былі зьнішчаныя. У тым ліку ў некаторых установах парлямэнту. Гэтыя факты я ведаю дакладна.

Зянон Пазьняк размаўляў ня толькі пра гісторыю. Палітык прадставіў прадставіў сваё бачаньне разьвіцьця падзеяў у Беларусі. На ягоную думку, цуду падчас выбарў не адбудзіцца й Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз прызначыць сябе прэзыдэнтам. На думку спадара Пазьняка, масавых пратэстаў таксама чакаць ня трэба.

З. Пазьняк: Думаю, што масавай Плошчы, якая была ў 2006 годзе, ня будзе. Да гэтага няма перадумоваў: у Беларусі няма лідараў, няма ідэяў, якія павялі б за сабою людзей. Я не выключаю, што можа быць правакацыйная Плошча, куды могуць сагнаць ці прывабіць некалькі соцень чалавек, сярод якіх будуць “пераапранутыя” – з Масквы ці якіх-небудзь другіх арганізацыяў. Яны могуць адыграць правакацыйную ролю, каб абвастрыць становішча й выкарыстаць гэта альбо для ўмацаваньня рэжыма, альбо каб адхіліць Лукашэнку ад улады. Абодва варыянты – ў стылі палітыкаў, якія трымаюць уладу ў Крамлі. Галоўная барацьба, аднак, распачнецца пасьля выбараў. Тое, што на выбарах нічога ня вырашыцца – сёньня відавочна.

На пытаньне пра тое, ці будзе Зянон Пазьняк кандыдавацца ў прэзыдэнты на надыходзячых выбарах, палітык адказаў наступнае:

З. Пазьняк: На гэтых выбарах – не. Удзел быў бы поўным абсурдам. Але калі сытуацыя зьменіцца, у тых выбарах, дзе ня будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, я, магчыма, выстаўлю сваю кандыдатуру як прадстаўнік пэўнай часткі грамадзтва.

Паводле меркаваньня Зянона Пазьняка, наступныя прэзыдэнцкія выбары належыць байкатаваць. На яго думку, байкот стане формай масавага мірнага супраціву і адначасова нашмат ускладніць працэс фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня.

 

 

 

 

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё