|
|
20 год таму ў Гданьску стварылі "Хатку". Гэтае таварыства аб’ядноўвае беларускую нацыянальную меншасьць Памор’я.
23 траўня ў 1992 годзе ў Гданьску адбыўся ўстаноўчы сход Беларускага культурнага таварыства “Хатка”. Гэтае таварыства аб’ядноўвае беларускую нацыянальную меншасьць польскага Памор’я. Менавіта пра яго сёньня пойдзе гаворка ў перадачы “Машына часу”.
У Гданьску яшчэ з 1967 году існавала беларуская арганізацыя. Яе стварыла група беларускай моладзі, якая з-за адсутнасьці ўласных структур наведвала расейскія альбо ўкраінскія асяродкі. Гданьскую суполку беларусаў уключылі ў Беларскае грамадзка-культурнае таварыства ў Беластоку. Аднак польскія перамены 90-ых гадоў дадалі імпэту й гданьскім беларусам.
Каб знайсьці беларусаў у новую суполку, ініцыятары тэлефанавалі жыхарам гораду зь беларускімі прозьвішчамі. У іх пошуку дапамагаў тэлефонны даведнік. Дзякуючы незвычайнаму сацыялягічнаму экспэрымэнту ўдалося знайсьці сем’і Казіміра Сваяка й прафэсара Стэповіча.
На ўстаноўчы сход прыйшло каля 40 чалавек. Праз год арганізацыя была зарэгістраваная.
Таварыства беларускай культуры "Хатка" штогод ладзіць сьвяткаванне ўгодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі, праводзіць канцэрты, літаратурныя вечары, мастацкія выставы, прэзэнтацыі кніг, фільмаў. У 90-ых гадах беларусы вылучылі нават на выбары Беларускі выбарчы камітэт. За яго аддалі свае галасы каля тысячы чалавек.
Дзякуючы намаганьням беларусаў Гданьска ў Трыгарадзе зьявіліся вуліцы ў гонар беларускага баптысцкага пастара Лукі Дзекуця-Малея й пісьменьніка Янкі Брыля. Па ініцыятыве “Хаткі” ў Гданьску зьявіўся памятны знак у гонар Янкі Купалы.