|
|
Прэзентацыя новай кнігі гісторыка Алеся Краўцэвіча прайшла ў Гродне. “Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)” – гэта біяграфія манарха, які аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі.
Адначасова адкрылася выстава ілюстрацый да кнігі. Выстава складаецца з дзвюх частак: адна з іх – гэта шэраг графічных ілюстрацый да кнігі пра Гедыміна, другая – леўкас на дрэве з тканінай і металам.
Простая і зразумелая мова кнігі прыцягвае да сябе ўвагу чытачоў розных пакаленняў. Адну з наведвальніц прэзентацыі, мастачку Насту Лукашову кніга зацікавіла не толькі зместам:
– Вельмі добрая, вельмі якасная, моцная выстава з моцнымі працамі. І я думаю, што кніга таксама будзе добрая. У мяне з гэтай серыі ўжо была кніга «Рыцары і дойліды Горадні» з ілюстрацыямі Татарнікава. Набывала я яе больш дзеля ілюстрацый. Гэта кніга таксама добра аформленая. Лічу, што такую кнігу варта мець у сваёй бібліятэцы і дзеля тэкставай часткі, і дзеля мастацкай часткі. Яны тут раўнапраўныя.
Па словах мастака-графіка Ігара Гардзіёнка, вобраз таго часу, таго стагоддзя збіраўся па часцінках, бо візуальнага матэрыялу - дакументаў, летапісаў, мініяцюр - амаль не захавалася. Кніга напісана на беларускай і англійскай мовах, таму даступная і замежнаму чытачу.
Кацярына Мартыневіч, Радыё Рацыя, Гродна.