|
|
"Калі гэта арыгінал, то гэта выключны выпадак для набыцьця, і цана невысокая" - прафэсар гісторыі К. Заштаўт пра Статут ВКЛ.
"Калі гэта арыгінал, то гэта выключны выпадак для набыцьця, і цана невысокая" - прафэсар гісторыі К. Заштаўт пра Статут ВКЛ.
Беларусы зьбіраюць грошы на Статут Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з арыгінальных экзэмпляраў Статута выстаўлены на аўкцыёне Маскве ўладальнікам антыкварнай крамы. Яго стартавая цана складае 45 тыс. даляраў.
Статут хоча набыць Музэй гісторыі Магілёва. Аднак дзяржаўных фінансавых сродкаў на гэта няма. І таму было прынята рашэньне пачаць збор грошай сярод грамадзян ды ўсіх жадаючых, каб набыць каштоўны дакумэнт. Што цікава, ва ўсім сьвеце налічваецца каля 60 экзэмпляраў Статута, а ў Беларусі няма ніводнага.
Беларусы адгукнуліся даволі дружна на просьбу магілёўскага музэя. Як паведамляе “Наша Ніва”, за тры дні сабрана 22 млн. рублёў, дапамагчы абяцаў нават Нацыянальны банк краіны.
Мы вырашылі пацікавіцца, ці часта на аўкцыйны трапляюць унікальныя ды каштоўныя гістарычныя аб’екты, якія можна купіць на свабодным рынку. Наш суразмоўца, дырэктар Інстытуту гісторыі навукі Польскай акадэміі навук прафэсар Лешэк Заштаўт (Leszek Zasztowt) лічыць, што гэта надзвычай рэдкая магчымасьць, і цана дакумэнта невысокая, калі параўноўваць зь гістарычнай каштоўнасьцю.
Л.Заштаўт: Калі гэта арыгінал, то гэта выключны выпадак для набыцьця, і цана невысокая. Гэта вялікая справа, тут няма чаго думаць, а толькі зьбіраць грошы.
Мы запыталі прафэсара Заштаўта, ці ён ведае выпадкі, падобныя на цяперашнюю гісторыю са Статутам, калі раптоўна знаходзіліся нейкія ўнікальныя старадрукі альбо іншыя фаліянты. Паводле яго, зрэдку знаходзяць нешта ў архівах, але каб дакумэнт прадаваўся на свабодным рынку, то пра нешта такое ён ня чуў.
Л.Заштаўт: Такія нагоды здараюцца рэдка, гэта выключная сытуацыя. Здараецца, канешне, што крадуць каштоўныя старадрукі зь бібліятэк, але такія крадзежы здараюцца ў асноўны па заказу й адразу ж трапляюць да калекцыянера, а не на аўкцыён. Калі гэта сапраўды арыгінал, адна з захаваных копій, то гэта проста фантастычная рэч, пры ўмове, што гэта не падробка. Трэба гэта добра праверыць. За сваю прафэсійную дзейнасьць я пакуль ня чуў, каб такі каштоўны дакумэнт трапіў на аўкцыён. Канешне, здараецца, што нейкія фаліянты альбо каштоўныя дакумэнты неспадзявана знаходзяць, але гэта здараецца хутчэй за ўсё ў архівах пры нагодзе інвэнтарызацыі альбо парадкаваньня. Бывае, што ў нейкай папцы трапляецца рэдкі дакумэнт, але гэта вельмі-вельмі нячаста бывае. А на свабодным рынку такое амаль не здараецца, я ўвогуле задаю сабе пытаньне, ці нечым такім яны могуць гандляваць. Бо для гісторыі Беларусі, Летувы й Польшчы – гэта фундамэнтальная справа. Але трэба было б праверыць, ці гэта не падробка, і гэта павінен зрабіць спэцыяліст, які займаецца пэрыядам Вялікага Княства Літоўскага. Гэта робіцца, дасьледуючы шрыфт, зьмест, паперу, іншыя элемэнты, на падставе які будзе пацьверджана альбо не аўтэнтычнасьць статуту. І калі б аказалася, што гэта арыгінал, дык гэта была б супэр-нагода! На працягу майго жыцьця, а я нарадзіўся ў 1953 годзе, то я ня памятаю, каб нешта такое здарылася. Бывала, канешне, што знаходзілі карціны ў прыватных калекцыях, аднак каб такі каштоўны дакумэнт трапіў на свабодны рынак, дык не.
Што цікава, існуе рэальны шанец на посьпех дабрачыннай акцыі. Так, у мінулым годзе жыхары горада на Дняпры скінуліся на іншы гістарычны рарытэт — фаліянт «Часоўніка» з 1773 годам. Цяпер ён знаходзіцца ў фондах Музэя гісторыі Магілёва. Дарэчы, кожны жадаючы можа дапамагчы ў тым, каб адзіны экзэмпляр Статута трапіў у Беларусь: у сеціве без праблем можна знайсьці банкаўскі рахунак, на які прымаюцца дабраахвотныя ўзносы.
Валера Саўко