|
|
Выйшаў фотааальбом праваабарончага цэнтра "Вясна" на беларускай і англійскай мовах пад назвай "Права на выбар: Партрэты асуджаных. Плошча – 2010" накладам 1100 асобнікаў.
У фотаальбоме прадстаўлены здымкі асобаў, якіх судзілі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, што была ўзбуджана пасля правядзення мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года. Адказны рэдактар фотаальбома Алена Лапцёнак лічыць, што гэта застанецца ў гісторыі:
- Застанецца дакумент. Як казаў Алесь: тое, што не запісана, таго не было. І гэта першае выданне, якое зроблена менавіта ў выглядзе фотаальбома. Вельмі добрыя ілюстрацыі. І нам вельмі важна было паказаць чалавека ў гэты судны момант, менавіта яго партрэт: твар, вочы, выраз, як ён сябе адчувае.
Трэба адзначыць высокую якасць фотаальбома. Фотаальбом надрукаваны ў Літве. Але, як і прадчувала Алена Лапцёнак, без праблем пры перавозе альбома праз літоўска-беларускую мяжу не абыйшлося. Першая партыя ў некалькі дзесяткаў асобнікаў была затрымана на беларускай мяжы нібы для экспертызы.
Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя