|
|
У Варшаве прайшла прэзэнтацыя новай кнігі “Браслаўшчына. Памяць і сучаснасьць” прафэсара Эльжбеты Смулковай, першага амбасадара Польшчы ў Беларусі.
Першая прэзэнтацыя выданьня адбылася ў Менску, на якой прафэсар Смулкова не змагла прысутнічаць.
Дзьвюхтомнік - гэта вынік 10-гадовай працы й навуковых дасьледаваньняў. Гэта кніга пра людзей Браслаўшчыны, незвычайнай зямлі, дзе па-суседзку жывуць беларусы, палякі, расейцы, летувісы, дзе гамоняць на розных мовах і цудоўна разумеюць адзін аднаго, дзе нацыянальны падзел ня мае значэньня.
Э. Смулкова: Чаму Браслаўшчына? У большай ступені таму, што гэтая тэрыторыя была мала дасьледавана. І адначасова ў мяне была такая ахвота пазнаёміцца з гэтым рэгіёнам. Гэта край азёр, лясоў, пагоркаў і далін. І які лічыўся перад вайной польскім - моўна й этнічна. Афіцыйна ў дадзеных перапісу 65 адсоткаў людзей дэкляравалі ў 1936 годзе польскую мову як родную. Нашыя дасьледаваньні гэта не пацьвердзілі. Мы мяркуем, што асноўнай мовай штодзённай камунікацыі зьяўляецца беларуская гаворка.
Гісторык Аляксандар Смалянчук адзначыў, што на працягу 20-га стагодзьдзя Браслаўшчына каля 10 разоў зьмяняла сваю дзяржаўную прыналежнасьць. Гэта, безумоўна, адбілася на сьвядомасьці людзей, у тым ліку на мове, кажа гісторык.
А. Смалянчук: Мы займаліся пераважна вуснай гісторыяй. Адна з мэтаў, якую мы ставілі, гэта захаваць памяць гэтых жыхароў пра 20-е стагодзьдзе. Мы спэцыяльна размаўлялі зь летувісамі, палякамі, беларусамі, спрабуючы ўбачыць нейкія адрозьненьні ва ўспрыняцьці таго, што адбывалася. Гісторыя была драматычная, але аднолькавая для ўсіх. Вясковыя жыхары, старэйшае пакаленьне жывуць па-за нацыянальнай ідэяй. Яна для іх ня самае галоўнае. І, калі мы спрабавалі задаваць пытаньне пра нацыянальнасьць, то, звычайна, гэта выклікала вялікі клопат. Людзі пачыналі думаць, разважаць, хто ж яны па нацыянальнасьці. І вельмі часта галоўным крытэрам была канфэсійная прыналежнасьць. Калі праваслаўны – ён мог сказаць, што беларус, калі каталік - то паляк.
Таксама галоўнай канцэпцыяй кнігі было прадстаўленьне браслаўскай тэрыторыі як шматкультурнага, шматнароднага й шматмоўнага рэгіёну, кажа дацэнт, кандыдат філялягічных навук Вольга Гушчава. Па яе словах, беларуская літаратурная мова ацэньваецца як прэстыжная, а самы нізкі статус мае беларуская гаворка, якая парадаксальна зьяўляецца асноўнай у кантактах паміж людзьмі.
Прафэсар Эльжбета Смулкова ўзгадала таксама пра зусім нялёгкую працу дыялектоляга, якому, каб выклікаць давер у субяседніка, даводзіцца часам ісьці на ахвяры.
Э. Смулкова: Калі едзеш у экспэдыцыю, даволі цяжка знайсьці людзей, якія гавораць натуральна, не прыстасоўваючыся да чалавека, які задае ім пытаньні. Аднойчы я знайшла такога вельмі старога чалавека, які жыў самотна. Я зайшла да яго ў хату. Мне сказалі, што ён можа шмат цікавага расказаць пра старыну. Гэта была вельмі брудная хата. Ён, як гаспадар, хацеў неяк мяне ўгасьціць. І ў стакан, які быў аблеплены гразьзю, наліў нейкага самагону. Рабіў ён гэта зусім натуральна. Хацеў зрабіць добра. А я, па-першае, ня п’ю, па-другое – неяк брыдка чалавеку піць з такога стакана. Але для таго, каб зь ім пагаварыць, я бяру гэты стакан, выпіваю, і нічога дрэннага са мной не адбываецца. Я ўсё-такі здабываю прыхільнасьць гэтага чалавека. Ён бычыць, што я не брэзгую, што я прыняла яго пачастунак. Да людзей, ад якіх мы хочам нешта даведацца, трэба адносіцца вельмі ўважліва й з павагай. Сярод вясковага насельніцтва я сустракала шмат разумных людзей. Людзей, якія адказвалі мне на такія пытаньні, на якія мне было б цяжка адказаць. Праца дыялектоляга, праца сацыялінгвіста, які жадае зразумець іншых, патрабуе вельмі вялікай уважлівасьці й пашаны для другога чалавека, яго поглядаў. Трэба старацца яго зразумець, а не накідаць сваё ўласнае разуменьне праблем.
Прафэсар Смулкова, якую сьмела можна назваць адной з самых вядомых знаўцаў Беларусі ў Польшчы, адказала на пытаньне, за што яна так любіць Беларусь.
Э. Смулкова: За вельмі многае. За непасрэднасць і сардэчнасьць людзей. За іх труд. За іх уменьне радавацца дробязямі. За тое, што ў цяжкіх умовах яны ўмеюць знайсьці для сябе спосаб на жыцьцё. Што незалежна ад многіх цяжкасьцей ідэалягічнага характару, жыцьцёвага характару, знаходзяць спосаб, каб быць сардэчнымі людзьмі. Гэта вельмі важна, каб чалавек не чакаў толькі вялікіх рэчаў, але ўмеў радавацца штодзённасьцю і ўзаемнай спагадай. Я мела розныя кантакты зь беларусамі. Добрыя й ня вельмі, але большасьць усё-такі такіх, у якіх я бачыла, што мяне стараюцца разумець. І я хацела іх разумець. Я жадаю ўсім беларусам, каб ім усё-такі жылося і свабодна, і прыгожа.
Двухтомнік “Браслаўшчына. Памяць і сучаснасьць” пад рэдакцыяй прафэсара Эльжбеты Смулковай, першага амбасадара Польшчы ў Беларусі, выдаў Варшаўскі ўнівэрсытэт.
кл