Таварыству польскіх мастакоў Беларусі 20 год

Таварыству польскіх мастакоў Беларусі 20 год


З гэтай нагоды мастакі таксама завіталі ў Варшаву, дзе зладзілі выставу сваіх працаў.

19 траўня ў Горадні адбудзецца ўрачыстае сьвяткаваньне юбілея. З гэтай нагоды мастакі таксама завіталі ў Варшаву, дзе зладзілі выставу сваіх працаў. Працы будуць выстаўленыя на аўкцыён, а даход прызначаны на сьвяткаваньне юбілею.

Таварыства польскіх мастакоў узьнікла ў 1992 годзе. Яго старшынём зьяўляецца мастак Станіслаў Кічка. Падчас размовы ён адзначыў, што мэта таварыства - „разьвіцьцё польскіх традыцый, мовы й культуры, адраджэньне й разьвіцьцё ўсіх галін польскага й беларускага мастацтва як інтэгральнай часткі сусьветнай культуры”.

С. Кічка: Мы прыехалі з Горадні, горада каралёў і сьвятых, як я заўсёды кажу. Менавіта ў гэтым горадзе 20 гадоў таму мы стварылі Таварыства польскіх мастакоў. Тады нас было толькі 15 чалавек, якія прыехалі з цэлай Беларусі: Менска, Берасьця, Нясьвіжа, Бабруйска й, канешне, Горадні. А сёньня ў нас 85 чалавек. Амаль усе нашыя чальцы маюць адукацыю мастацкіх акадэмій ці то ў Беларусі, ці то ў Польшчы, таксама ў Расеі. Усе прафэсіяналы. 25 чалавек належаць да Саюза мастакоў Беларусі. Дзьве асобы маюць званьне заслужаных дзеячоў культуры Польшчы. Таварыства дзейнічае на карысьць адраджэньня польскай культуры й мовы на былых Крэсах. Мае сябры-мастакі ў пераважнай большасьці маюць польскія карані, хоць ня ўсе ў таварыстве, як гэта кажуць, „чыстыя палякі”. Яны паходзяць зь мешаных сем’яў, аднак усе нашыя чальцы клапоцяцца пра разьвіцьцё польскай культуры й мовы.

Біяграфія таварыства багатая. Як адзначае Станіслаў Кічка, за 20 гадоў дзейнасьці Таварыства польскіх мастакоў арганізавала больш за 200 выставаў.

С. Кічка: Гэта ня толькі індывідуальныя, але й групавыя выставы ў Беларусі, Польшчы, Украіне, Летуве. Мы рэгулярна прымаем удзел у мастацкіх пленэрах, таксама арганізоўваем іх самі. Было шэсьць пленэраў, між іншым, прысьвечаных нашай зямлячцы Элізе Ажэшка, мастаку Напалеону Ордзе, які працаваў у тагачаснай Гарадзенскай губэрніі, хоць цяпер гэта Берасьцейская вобласьць. Быў таксама пленэр на тэму 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, асобе сьвятога Максыміліяна Кольбэ, які ў францішканскім касьцёле ў Горадні быў пробашчам у 1922-1927 гадах. Вось такія пленэры мы робім і запрашаем на іх калег з Польшчы, Летувы, але найбольш з Украіны. Мы шчыльна супрацоўнічаем з польскімі мастакамі ў Львове.

Празь месяц Таварыства польскіх мастакоў будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. З гэтай нагоды ў Горадні адбудзецца шэраг мерапрыемстваў.

С. Клічка: Мы выдалі адмысловы каталёг, у якім апісаныя ўсе нашыя дасягненьні. На юбілей мы рыхтуем групавую выставу, а таксама сустрэчы й дыскусію. Мы працуем у рамках Саюза палякаў Беларусі. І, канешне, мы спадзяемся, што й надалей будзем разьвівацца, дзейнічаць, будзем езьдзіць у Польшчу, а польскія мастакі да нас, у Беларусь.

Станіслаў Кічка расказвае, што жадаючых уступіць у Таварыства польскіх мастакоў Беларусі шмат, але ня кожны можа стаць чальцом арганізацыі.

С. Кічка: Калісьці нас было толькі 15 чалавек. У дадзены момант да нас прыходзяць маладыя людзі пасьля ВНУ. Многія хочуць да нас далучыцца, але мы ня ўсіх можам прыняць. Трэба абавязкова ведаць польскую мову. Калісьці, калі нас было мала, то на гэтую ўмову можна было зачыніць вочы, але не цяпер. Мы таксама зьвяртаем увагу на тое, каб працы кандыдата ўяўлялі сабой нешта цікавае. Таму мы не прымаем усіх жадаючых, а іх шмат. Да нас зьвяртаюцца асобы ня толькі з Горадні, але й зь іншых гарадоў. У нас ёсьць свае аддзелы ў Віцебску, Берасьці, Менску й Магілёве. У будучыні плянуем адкрыць аддзел у Гомелі, каб у кожным абласным горадзе была нашая арганізацыя.

Першая выстава таварыства адбылася ў сьнежні 1993 году ў мастацкай галерэі Новага замку ў Горадні. Працы мастакоў знаходзяцца ў калекцыях гарадзенскіх музэяў, а таксама ў прыватных калекцыях ў Беларусі, Польшчы, Расеі, Аўстрыі, Галяндыі, Бэльгіі, Нямеччыне, ЗША, Кітаі й Ізраілі.

25 красавіка ў варшаўскай галерэі „Люфцік” пройдзе аўкцыён працаў. Даход будзе прызначаны на сьвяткаваньне 20-годзьдзя таварыства.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё