У Крынках узгадалі Ларысу Геніюш і яе продкаў

Беларускае Радыё Рацыя, Зьміцер Косьцін
17.11.2010


Лістапад -- асаблівы месяц у народным календары беларусаў, калі ўспамінаюцца продкі, дзяды і прадзеды. З гэтай нагоды традыцыйны дзядоўскі вечар прайшоў у гміннай бібліятэцы ў Крынках на Падляшшы. Тут дзяліліся ўспамінамі і пра Ларысу Геніюш.

Гэтая памяць асабліва важная – адзначае пісьменнік Сакрат Яновіч, бо менавіта ў Крынках было родавае гняздо Геніюш:

- Сустрэча вельмі важная, бо гэта пачатак таго, што павіна быць. Пачатак таго, каб чалавек уганарыўся тым, што ён тут нарадзіўся, што ён адгэтуль паходзіць, бо ад гэтага пачынаецца ўся годнасць у чалавека, бо калі чалавек не ганарыцца сваім месцам, сваім бацькоўскім парогам, то ён ёсць пакалечаны. Ён ніколі не будзе думным, што ён ёсць.

Як зазначыла падчас сустрэчы супрацоўніца кафедры Беларускай культуры беластоцкага ўніверсітэта Гражына Харытанюк, абрад Дзядоў, які яшчэ жыве на Беларусі, на Падляшшы, на жаль, занікае.

Сустрэча была арганізавана таварыствам “Тэра інкогніта” супольна з Фондам “Віла Сакратэс”, гмінным асяродкам культуры ў Гарадку і публічнай бібліятэкай у Крынках.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя