|
|
Выстава Музея гісторыі беларускай літаратуры "Апякункі паэтычных нябёсаў" аб’яднала паэтак другой паловы ХХ стагоддзя: Еўдакію Лось, Дануту Бічэль, Веру Вярбу, Ніну Мацяш, Таісу Бондар, Валянціну Коўтун, Раісу Баравікову, Яўгенію Янішчыц і Галіну Каржанеўскую.
Раіса Баравікова кажа, што прыйшла на выставу, а патрапіла на свята. Хаця, заўважыла яна, на свята, дзе многіх з паэтак, на жаль, можна ўбачыць ужо толькі на фота.
- Дзевяць паэтак, прычым паэткі другой паловы XX стагоддзя. Безумоўна, тут павеў жалю прысутнічае, таму што няма Жэні Янішчыц, няма Валянціны Коўтун, няма Еўдакіі Лос, няма Таісы Бондар, няма Ніны Мацяш. Таму тут такія пачуцці глыбокія, гэта ўжо пачынаецца быццё, не проста жыццё, а філасофія нашага чалавечага быцця.
Арганізатары літаратурна-дакументальнай выставы не выпадкова абралі дзеля імпрэзы 9 паэтак. Менавіта столькі музаў, апякунак мастацтваў, вядома яшчэ з Антычнасці.
Паводле навуковай супрацоўніцы музею Святланы Гайдук, на гэтай імпрэзе ўшанаванне беларускіх паэтак не спыніцца.
- Безумоўна, не ўсе яскравыя імёны ўвайшлі сюды, таму што мы вытрымлівалі колькасць, якая роўная дзевяці апякунак мастацтва. І таму плануецца на будучае сабраць яшчэ дзявятку такіх вось выбітных, яскравых жанчын-творцаў другой паловы 20 стагоддзя.
У экспазіцыі можна ўбачыць першыя кнігі паэтак, рэчы як з фондаў музея, так і з асабістых архіваў пісьменніц, іх сваякоў і сяброў. Большасць матэрыялаў выстаўляецца ўпершыню.
Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя