Рыхтуецца міжнародны фестываль Яна Тарасевіча

Рыхтуецца міжнародны фестываль Яна Тарасевіча


У наступным годзе, меркавана напрыканцы красавіка, пройдзе буйны беларуска-польскі фестываль, прысвечаны выбітнаму беларускаму кампазітару і педагогу Яну Тарасевічу.

Ужо дасягнутыя вусныя дамоўленасці пра супрацоўніцтва з Падляшскай операй і філармоніяй – паведаміў Радыё Рацыя Заслужаны артыст Беларусі, кіраўнік “Беларускай капэлы” Віктар Скорабагатаў. Фестываль пройдзе ў тры дні, падчас якіх прагучаць, між іншым, хоры і рамансы Яна Тарасевіча, яго фартэпіянныя канцэрты, а сапраўднай сенсацыяй стане трэці дзень фестывалю:

Віктар Скорабагатаў:

– Найлепшы з піяністаў Польшчы і найлепшы піяніст Беларусі сядуць на сцэне ў два раялі, і гэта будзе своеасаблівая дуэль выбітных піяністаў. І яшчэ мы дамовіліся, што і ў Польшчы, і ў Беларусі пройдуць дзіцячыя конкурсы па выкананні твораў Яна Тарасевіча на дзве ўзроставыя групы.

Паўфіналы дзіцячых конкурсаў пройдуць у Польшчы і Беларусі, а фінал запланаваны ў Беластоку. Яго пераможцы выступяць падчас трэцяга дня фестывалю, прысвечанага творчасці Яна Тарасевіча. Акрамя таго, у Беларусі рыхтуецца выданне твораў кампазітара для дзяцей, якое якраз і атрымаюць удзельнікі конкурснай праграмы.

Кампазітар, піяніст, педагог Ян Тарасевіч нарадзіўся 23.09.1889 года ў Саколцы. Закончыў кансерваторыю ў Санкт-Пецярбургу. Пакінуў пасля сябе больш за сто песень і інструментальных фартэпіянна-вакальных твораў. Да самай смерці называў сябе беларускім кампазітарам. Ён выхаваў як мінімум чатырох прафесараў Варшаўскай акадэміі музыкі і самага вядомага сёння дырыжора ў Польшчы Ежы Максымюка. Ян Тарасевіч быў першым, хто напісаў музыку да вершаў Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа. Памёр кампазітар 18.06.1961 годзе ў Польшчы, пахаваны ў Саколцы.

Яна Запольская. Радыё Рацыя.

Цалкам гутарку з Віктарам Скорабагатавым слухайце ў далучаным гукавым файле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя