Кніжны кірмаш у Беластоку - апошні дзень працы

Кніжны кірмаш у Беластоку - апошні дзень працы


Завяршае працу вялікі агульнапольскі кніжны кірмаш у Беластоку. Побач з найбольшымі польскімі выдавецтвамі свае друкаваныя выданні дэманструюць таксама беларускія выдавецтвы Беласточчыны, у тым ліку Бібліятэка Радыё Рацыя.

Як кажа віцэ-прэзідэнт Фонду “Суседзі” Пётр Брысач, такія мерапрыемствы павінны пашыраць таксама веданне літаратуры краін-суседак:

- Больш за 50 выдавецтваў з усёй Польшчы прыехалі. Мы марылі правесці кірмаш на памежжы культур. Гэта кірмаш, які закрануў бы Беларусь, Літву, Украіну. Пра літаратуру гэтых краін не ведаем нічога. Можа, трохі ведаем украінскую літаратуру. Дзякуючы Цэнтру грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь таксама трошкі ведаем пра беларускую літаратуру. Але гэта толькі трошкі. Не ведае, што там адбываецца сапраўды.

У межах трох дзён працы кніжнага кірмашу ў Беластоку праходзяць таксама аўтарскія сустрэчы. Напярэдадні была магчымасць сустрэцца з беларускім аўтарам Міхасём Андрасюком, які сёлета стаў лаўрэатам прэміі Веслава Казанецкага. А 14-ай гадзіне пройдзе сустрэча з Ігнацыем Карповічам – леташнім лаўрэатам прэміі.

Радыё Рацыя

* * *

Кніжкі беларускіх аўтараў прэзентуюць у час кніжнага кірмашу ў Беластоку. Побач з вялікімі польскімі выдавецтвамі свае друкаваныя выданні паказвае таксама Беларускае Радыё Рацыя і Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь.

Гэта перадусім творы пісьменнікаў з Падляшша, такіх як Міхась Андрасюк, але таксама і з Беларусі. Гэта між іншым пераклады на польскую мову кніжак Віктара Сазонава. Як адзначыў Яўген Вапа, старшыня ўправы Радыё Рацыя і арганізатар беларускага стэнда, кірмаш - гэта магчымасць паказаць шырокаму асяроддзю чытачоў творы выдатных беларускіх пісьменнікаў.

- Паказваем кніжкі, што мы выдалі на працягу апошніх гадоў, а таксама выданні, якія мае штотыднёвік "Ніва", Беларускае гістарычнае таварыства, выданні аб'яднання "АБ-БА". Гэта вельмі важнае для прэзентацыі нашай беларускай літаратуры.

Кніжны кірмаш у Беластоку з’яўляецца найбольшай гэтага тыпу імпрэзай на ўсход ад Віслы. Свае кніжкі прэзентуюць тут больш за 50 выдавецтваў з цэлай Польшчы. У час кірмашу адбываюцца таксама аўтарскія спатканні з пісьменнікамі. Заўтра са сваімі чытачамі сустрэнецца беларускі творца з Гайнаўшчыны, сёлетні лаўрэат літаратурнай узнагароды прэзідэнта Беластока Міхась Андрасюк. Пачатак сустрэчы ў 11 гадзін у гандлёвай зале па вуліцы 11 лістапада.

Фота
  • Фота 1/4
  • Фота 2/4
  • Фота 3/4
  • Фота 4/4

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя