"Гедымін" - новая кніга Алеся Краўцэвіча

"Гедымін" - новая кніга Алеся Краўцэвіча


"Гедымін" - новая кніга прафесара Алеся Краўцэвіча, якая працягвае кніжную серыю "Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх". Раней свет пабачыла выданне, прысвечанае Міндаўгу.

Як адзначае Алесь Краўцэвіч, па тэхнічных прычынах храналогія падзей крыху парушаная:

- Задумка весці аповед храналагічна. Другая кніга, напісаная, знаходзіцца ў працы і называецца «Ад Войшалка да Віценя. Выпрабаванне на трываласць». «Гедымін» меўся быць трэцяй кнігай, але паколькі мастак намаляваў хутчэй кніжку пра Гедыміна, яна і выйшла хутчэй, але спадзяемся ў гэтым годзе пабачыць яшчэ і другую. Працуюць двое выдатных мастакоў – Ігар Гардзеёнак над «Гедымінам» і Павал Татарнікаў над кніжкай пра Войшалка і Віценя.

Як кажа Алесь Краўцэвіч, кніга павінна быць цікавай не толькі прафесійным гісторыкам, але таксама і аматарам гісторыі:

- Таму замест выкладання нейкіх сухіх фактаў, датаў, падзеяў, бітваў, гаворка ідзе пра людзей, якія прымалі вельмі важныя рашэнні: калі магчыма – пра аднаўленне рысаў іх характару, калі магчыма – пра аднаўленне іх тэмпераменту, іх спосабу дзеяння. Вось, у прыватнасці, пасля вывучэння таго, што засталося са спадчыны Гедыміна, можна сказаць, што гэта быў праўдзівы еўрапейскі манарх. Ён трымаўся як манарх, ён не мог кінуць слова на вецер ніводнага.

Аўтар адзначае і адметнасць самой асобы Гедыміна:

- Гедымін, сапраўды, надзвычай цікавая асоба. Неяк так сталася, што ў тыя часы, у 14 стагоддзі, у Еўропе працавала цэлая плеяда выбітных манархаў: гэта і Казімір Вялікі ў Польшчы, Іван Каліта ў Масковіі, Бесараб у Валахіі і іншыя. Такі быў час: быў крызіс эканамічны, дэмаграфічны, і з’яўляліся выбітныя асобы. І вось у асобе Гедыміна мне найбольш падабаецца тое, што ён мірную, ціхую, спакойную працу цаніў вышэй слаўнай і гучнай вайны.

Кніга “Гедымін” выйшла на дзвюх мовах – беларускай і англійскай, каб пашырыць “выхад у свет”. Усе ілюстрыцыі, выкананыя Ігарам Гардзіёнкам, адлюстроўваюць аўтэнтычныя рэчы і матэрыяльную атрыбутыку. Кансультацыі па выявах рабіў буйнейшы знаўца зброі ВКЛ прафесар Юрась Бохан.

Прэзентацыі кнігі “Гедымін” Алеся Краўцэвіча плануюцца ў Мінску і Гродне. Яны спалучацца з выставай ілюстрацый да кнігі, якая выйшла ў прыватным мінскім выдавецтве Татарнікава.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

Цалкам гутарку з Алесем Краўцэвічам слухайце ў далучаным гукавым файле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя