Леанід Галубовіч прэзентаваў кнігу сваіх вершаў

Леанід Галубовіч прэзентаваў кнігу сваіх вершаў


Паэт Леанід Галубовіч, пасля больш чым 10-ці гадовага перапынку ў творчай дзейнасці, прэзентаваў кнігу сваіх вершаў. Прэзентацыя адбылася ў мінскім Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

У імпрэзе ўзялі ўдзел шматлікія беларускія літаратары, крытыкі і культурніцкія дзеячы. Вяртанне Леаніда Галубовіча ў беларускую літаратуру выклікала неадназначную рэакцыю з боку чытачоў і калег паэта. Сам паэт зазначае, што незадаволены тым, што яго вяртанне ў паэзію ўспрынята з большай цікавасцю, чым сама кніга вершаў. Гаворка на прэзентацыі ішла не зусім пра кнігу, кажа паэт Леанід Галубовіч.

- Ёсць нейкае такое раздражненне ад таго, што больш паловы прэзентацыі прайшло пад пытаннямі: чаму кінуў, як кінуў, колькі гадоў не пісаў? Гаворка ішла не канкрэтна пра паэзію, пра кнігу. Таму ні я, як аўтар, ні аўдыторыя, не падрыхтаваныя ні да гэтай кніжкі, ні да вяртання Галубовіча ў паэзію.

Кніга вершаў Леаніда Галубовіча мае назву «З гэтага свету» і выдадзеная ў кніжнай серыі саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменнікаў». Усе вершы, змешчаныя ў зборніку, публікуюцца ўпершыню.

Аляксей Красоўскі , Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара