|
|
Інтэрнэнт-часопіс «ПрайдзіСвет» уручыць прэмію найлепшым беларускім перакладчыкам замежнай літаратуры. Прэмія, заснаваная ў 2010-м годзе стала штогадовай і будзе ўручацца ўжо ў трэці раз.
Як і ў мінулыя гады, прэмія будзе ўручаная ў трох намінацыях - «Проза», «Паэзія» і «Найлепшая публікацыя ў часопісе «ПрайдзіСвет». На дадзеным этапе складзеныя шорт-лісты прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі, у якіх імёны як маладых беларускіх перакладчыкаў, так і старэйшых іх калег. Прэтэндэнтамі на атрыманне сёлеташняй прэміі часопісу «Прайдзісвет» сталі Сяргей Балахонаў, Лявон Баршчэўскі, Альгерд Бахарэвіч, Марыя Мартысевіч і іншыя. Скласці кароткія спісы намінантаў у гэтым годзе было досыць ня проста, кажа адна з араганізатараў прэміі Юлія Цімафеева.
- Мы склалі свае шорт-лісты, даслалі іх нашым суддзям. Нам было досыць складана скласці кароткі спіс прэтэндэнтаў на прэміі. Я думаю, што ўсе яны вартыя гэтай прэміі і вельмі вартыя чытання. А імёны пераможцаў даведаемся падчас самой імпрэзы ўручэння.
Пераможцаў прэміі абярэ прафесійнае журы ў складзе аўтарытэтных беларускіх літаратараў. Кожнаму намінаванаму на прэмію твору будуць выстаўленыя балы, сума якіх і вызначыць пераможцаў прэміі. Імёны ўладальнікаў сёлеташняй прэміі «Прайдзісвет» у трох намінацыях будуць названыя на цырымоніі ўручэння. Святочная імпрэза па папярэдніх планах арганізатараў адбудзецца на прыканцы траўня, альбо на пачатку чэрвеня.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск