|
|
Беларуская пісьменніца Вера Бурлак прэзентавала сваю новую кнігу. Выданне з’явілася ў выдавецтве «Галіяфы» і мае назву «Дзеці і здані». Новую кнігу Веры Бурлак склалі вершы, замалёўкі і п’ескі.
На прэзентацыі, якая адбылася ў Мінскай бібліятэцы імя Пушкіна, кніга была прадстаўленая ў тэатралізавана-музычным выкананні. Разам з паэткай на сцэне з’явіліся Максім Іўкін і Марыя Паўлоўская.
Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу як пераможца паэтычных слэмаў і адметная манерай артыстычнага прачытання сваіх тэкстаў. Але творы, якія ўвайшлі ў новую кнігу, зусім не абавязкова мусяць асацыявацца ў чытача з тэатралізаваным прачытаннем, кажа Вера Бурлак.
-- У кожнага свае нейкія фонавыя веды, нейкі свой досвед, асацыяцыі. Ёсць вялікая магчымасць, што чытач не пабачыць у гэтым ніякай экспрэсіі. Наадварот, ён можа пабачыць вельмі спакойныя, медэтатыўныя тэксты. Або наадварот – істэрычныя. У каго што звязана з гэтым.
Вера Бурлак з’яўляецца аўтаркай дзвюх кніг паэзіі, кнігі прозы «Творы соннага жанру» і аўдыёкнігі «Phantom of the Literature». Кніжка «Дзеці і здані», што ўключыла ў сябе творы розных жанраў, стала пятым выданнем аўтаркі. Ад моманту прэзентацыі кніжка дасяжная для беларускага чытача ў беларускіх кнігарнях.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.