|
|
Кіраўнік суполкі "Літаратурнае прадмесце" Людміла Рублеўская
У апошні дзень сакавіка адбылося ўганараванне лаўрэатаў самай нязвыклай літаратурнай прэміі Беларусі - “Блакітны Свін”. Прэмія была заснавана суполкай “Літаратурнае прадмесце”.
“Блакітны Свін”, паводле заснавальнікаў, - гэта антыгламурны сімвал, прэмія ўручаецца за нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую самастойнасць.
Кіраўнік суполкі "Літаратурнае прадмесце", пісьменніца Людміла Рублеўская:
- Прэмія адзначае нонканфармізм у творчасці і здольнасць захаваць сваё творчае аблічча і цікавыя праекты цягам года. Сёння ўручылі прэмію чарговым лаўрэатам. Наталка Кучмель атрымала "Свіна" за выхаванне літаратурнага густу ў маладых літаратараў і за нонканфармізм і сумленнасць у літаратуры. А Георгій Барташ стаў уладальнікам ганаровага “Блакітнага Свіна” – за арганізацыю цікавых літаратурных праектаў і далучэнне да іх маладых літаратараў.
Летась лаўрэатамі “Блакітнага Свіна” сталі: Віка Трэнас - за прамоцыю беларускай літаратуры і мастацтва і удзел у стварэнні суполкі "ВЮ", а Пятро Васючэнка атрымаў ганаровага “Блакітнага Свіна” - за стварэнне новай беларускай міфалогіі.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя