Тры новыя кнігі ў серыі «Бібліятэка пісьменніка»

Тры новыя кнігі ў серыі «Бібліятэка пісьменніка»


Сярод свежых выданняў: зборнік вершаў Анатоля Вярцінскага, кніга рускамоўнага паэта з Веткі Генадзя Лапаціна, а таксама паэтычны зборнік Леаніда Галобовіча.

Кнігі выйшлі невялікімі тыражамі і будуць распаўсюджвацца толькі ў незалежных кнігарнях Беларусі. Саюз беларускіх пісьменнікаў і надалей працягвае сутыкацца з цяжкасцямі ў папулярызацыі беларускамоўнай літаратуры, не атрымліваючы падтрымкі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і культурніцкіх устаноў, зазначае старшыня саюзу Барыс Пятровіч.

- Дзяржаўныя манапалісты вельмі рэдка бяруць нашы кнігі на распаўсюд. Для нас фактычна закрыта бібліятэчная сістэма. Таму казаць пра магчымасць масавай прапаганды гэтых выдадзеных кніг пры невялікіх накладах у 300-500 асобнікаў – гэта нерэальна. Тым не менш, Год кнігі працягваецца, і спробы нейкім чынам дастукацца да чытача саюз, канешне, будзе рабіць.

Як зазначылі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сярод новых выданняў адразу дзве літаратурныя міні-сенсацыі. Так, паэт Леанід Галубовіч 10 гадоў таму заявіў, што заканчвае сваю творчую біяграфію і вершаў больш пісаць не будзе. Тым не менш, аўтар вярнуўся ў паэзію, чаму сведчаннем новая кніга пад назваю «З гэтага свету». Другой нетыповай з’явай для Саюза беларускіх пісьменнікаў стала выданне кнігі Генадзя Лапаціна, які з’яўляецца рускамоўным аўтарам. Саюз беларускіх пісьменнікаў зазначае, што і надалей будзе падтрымліваць пачынаючых і сталых беларускіх пісьменнікаў, якім найцяжэй выдаваць кнігі ў цяперашняй сітуацыі на беларускім кніжным рынку. Таксама дзейнасць саюзу будзе накіравная і на пад-трымку аўтараў з рэгіёнаў.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя