|
|
Кніга «Стапеліі» названая па назве кветак
Паэт Віктар Жыбуль прэзентаваў кнігу вершаў «Стапеліі». Аўтар кнігі зазначыў, што першая версія гэтага зборніка з’явілася яшчэ ў 1998. Тады кніга называлася “Фініта ля трагедыя”, але так і не была выдадзеная.
Новая версія кнігі атрымала новую назву. Кніга «Стапеліі» названая па назве кветак, якія растуць у паўднёвай Афрыцы, якія маюць спецыфічны пах, каб прывабліваць мух. На старонках выдання змешчаныя часткова старыя вершы паэта, часткова новыя. Таму назваць кнігу цалкам старой не выпадае, кажа Віктар Жыбуль.
- Кніга нарэшце выйшла, доўга выходзіла, нейкім чынам яна даляжала да сённяшніх дзён. Ну і вядома, за гэты час шмат чаго змянілася, нейкія вершы я перанёс у іншыя кніжкі, у гэтую дадаў новых, так што старой я лічу гэтую кніжку толькі напалову.
Кніга вершаў «Стапеліі» выйшла ў выдавецтве «Галіяфы». У параўнанні з іншымі зборнікамі вершаў Віктара Жыбуля, новае выданне вылучаецца большай філасафічнасцю і змрочным настроем. Прэзентацыя адбылася ў мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна. У прэзентацыі кнігі ўзялі ўдзел філосаф Валянцін Акудовіч, выдавец Зміцер Вішнёў, аўтар прамовы да кнігі Юрась Барысевіч і іншыя дзеячы беларускай культуры. Музычнае аздабленне імпрэзы здзейсніў гурт «Рацыянальная дыета».
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя