|
|
“Адваротны бок люстра” Ксенія Шталенкова пачала пісаць, калі сама яшчэ была падлеткам, як працяг школьнага задання. Праз чатыры гады ў выдавецтве “ЛогвінаЎ” выйшла кніга. Гэта першая частка трылогіі прыгод віленскай школьніцы Басі Станкевіч у XVI стагоддзі разам з юным шляхцічам Міхалам Саколічам.
Аўтарка распавяла Рацыі, чаму месцам падзеяў была абрана Вільня і хто яе натхняў у гэтым незвычайным для сучаснай беларускай літаратуры жанры.
- З той прычыны, што ў Мінску падчас Айчыннай вайны была бамбёжка і быў разбураны стары горад, то такая гісторыя, як апісваецца ў гэтай кнізе, не магла тут адбыцца. Арыентырамі былі Вітаўт Чаропка ды Уладзімір Караткевіч. Караткевіч - гэта ўвогуле такая глыба, якую можна абмяркоўваць бясконца. Я лічу, што падлеткам да Караткевіча цікава звяртацца. Вітаўт Чаропка - гэта такое натхненне дакрануцца да гісторыі. Ён больш у навуковым жанры працуе.
Хто ведае, магчыма, у Беларусі з’явіцца свая Джаана Роўлінг, а Гары Потэра заменіць беларуская дзяўчынка Бася - падарожніца па часе. Ва ўсялякім разе Ксенія Шталенкова на прыгодніцкай трылогіі спыняцца не збіраецца, а хоча паспрабаваць сябе і ў іншых жанрах.
Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя, Мінск.