Анка Упала: Кніга адлюстроўвае ранейшы перыяд творчасці

Анка Упала: Кніга адлюстроўвае ранейшы перыяд творчасці


Маладая беларуская пісьменніца Анка Упала выдала дэбютную кнігу прозы. Дасюль аўтарка была вядомая беларускай чытацкай аўдыторыі толькі па асобных выступах на разнастайных літаратурных мерапрыемствах.

Цяпер кароткія апавяданні аўтаркі сабраныя пад адной вокладкай. Кніга мае назву «Дрэва Энталіпт» і змяшчае шэраг літаратурных твораў, напісаных у вясёлым, жартаўлівым настроі. Па словах аўтаркі, праца над кніжкай вялася вельмі доўга, пачынаючы з 2000-га года. "Кніга адлюстроўвае пэўны перыяд творчасці, але не зусім адлюстроўвае актуальны творчы стан на сённяшні дзень,"- кажа пісьменніца Анка Упала.

- Пішу я дастаткова даўно, але не шмат. Таму што нейкія іншыя справы перашкаджаюць займацца творчасцю. Зараз адчуваю жаданне напісаць яшчэ адну кніжку. Таму што змянілася я, як аўтар. У гэтай кніжцы засталася тая Анка Упала, якая была некалі. Цяпер трэба пісаць новую кнігу, такую як я цяпер.

Дата правядзення імпрэзы-прэзентацыі дэбютнай кнігі Анкі Упалы папярэдне прызначаная на 19 красавіка. Вечарына адбудзецца ў Мінску, у кнігарні выдавецтва «Логвінаў». Кніга «Дрэва Энталіпт» стала першым выданнем падсерыі «Пункт адліку», якая была заснаваная Паўлам Анціпавым і Юліяй Цімафеевай пры падтрымцы Cаюза беларускіх пісьменнікаў.

У падсерыі «Пункт адліку» у бліжэйшай будучыні будзе выдадзены цэлы шэраг дэбютных кніг маладых беларускіх аўтараў.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота radioscreamer.com