|
|
"ПрайдзіСвет" закрывае сезон беларускіх літпрэмій
Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” агучыў шорт-ліст сваёй прэміі. Лаўрэты вызначаюцца па трох намінацыях: проза, паэзія і за лепшую публікацыю ў “ПрайдзіСвеце”.
Сярод сёлетніх намінантаў багата вядомых імёнах, сярод іх – Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа, Марыя Мартысевіч, Сяргей Балахонаў. Сярод намінантаў ёсць і імя маладой перакладчыцы Анкі Упалы, якая лічыць гэтую прэмію вельмі прэстыжнай для перакладчыкаў:
- У нас дастаткова шмат прэмій для літаратараў – для празаікаў і паэтаў. Для перакладчыкаў гэта пакуль што адзіная прэмія – магчымасць атрымаць ацэнку плёну сваёй працы. Ёсць асобная намінацыя "публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСвет”, але ёсць і намінацыі “проза", “паэзія”. Разглядаецца ўсё, што выходзіла: і перакладныя кнігі, і часопісныя публікацыі, публікацыі ў іншых часопісах, не толькі ў “ПрайдзіСвеце”.
Імёны лаўрэатаў прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” традыцыйна будуць названы бліжэй да дня нараджэння часопіса, у канцы траўня. Абіраць найлепшыя ў кожнай намінацыі пераклады будзе журы, у склад якога сёлета ўвайшлі: перакладчыкі Марына Казлоўская, Кацярына Маціеўская, Сяргей Сматрычэнка, Ганна Янкута, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя.