|
|
Ксенія Шталянкова апісала ў прыгодніцкім рамане інтрыгі й гісторыю каханьня беларускай шляхты з XVI стагодзьдзя.
Празь люстра, якое яна купіла выпадкова, 15-гадовая школьніца з сучаснай Вільні трапляе ў ХVI ст., дзе знаёміцца з маладым шляхціцам Міхалам Саколічам. Гэтай пары выпадзе пабываць пры двары Жыгімонта Аўгуста й Барбары Радзівіл ды апынуцца ў самым віры каралеўскіх інтрыг і змоваў.
Такі сюжэт рамана "Адваротны бок люстра" маладой менскай аўтаркі Ксеніі Шталянковай, які выйшаў у выдавецтве “Логвінаў”. Раман быў прэзэнтаваны ўчора ў кнігарні “логвінаЎ”. Ксенія напісала сваё прозьвішча на вокладцы наўмысна з памылкай – ШталЕнкова, бо так пісаў яе дзед. Ксенія перасоўваецца ў інвалідным вазку, навучаецца на дыстанцыйным аддзяленні ЭГУ й кажа, што гэты раман толькі пачатак будучай трылёгіі.
Прэзэнтацыя прайшла з абсалютным фурорам, людзі стаялі нават на дварэ перад уваходам у кнігарню. А каб узяць камэнтар у самой Ксеніі, мне давялося чакаць паўтары гадзіны, пакуль яна раздавала аўтографы.
Арцём Багданаў, Менск
размова з аўтаркай у далучаным гукавым файле