|
|
Прэзентацыя новай кнігі беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча прайшла ў інстытуце імя Гётэ ў Мінску.
Наведаць мерапрыемства выявіла жаданне вялікая колькасць мінскіх чытачоў. Для перапоўненай залы аўтар прачытаў урыўкі з новай кнігі, якая мае назву "Шабаны" і прысвечаная аднаму з раёнаў Мінска, дзе Альгерд Бахарэвіч пражываў доўгі час. Прысутнай публіцы таксама былі прэзентаваныя фотаздымкі мінскага раёна Шабаны і аднайменнага раёна ў нямецкім Гамбургу. Нечаканкай для прысутных была прэзентацыя запісаў панк-рок гурта "Правакацыя", у якім Альгерд Бахарэвіч граў у юнацтве.
Вялікай прыемнасцю стала тое, што прэзентацыя кнігі выклікала такую вялікую цікавасць з боку беларускіх чытачоў, кажа аўтар прэзентаванага выдання Альгерд Бахарэвіч:
- Безумоўна пачуцці самыя лепшыя, вельмі прыемна, што сабралося так шмат людзей. Мне здаецца, усё прайшло ўдала, спадзяюся ніхто асабліва не расчараваны, бо расчараваныя заўсёды знойдуцца. Я ўдзячны за тое памяшканне, якое нам прадаставілі, па-мойму месца хапіла ўсім.
Кніга "Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення" выдадзеная ў выдавецтве "Галіяфы" і па меркаванні выдаўца, Зміцера Вішнёва, з’яўляецца лепшым на сённяшні дзень творам Альгерда Бахарэвіча. Ад моманту прэзентацыі кніга дасяжная беларускім чытачам. Набыць яе можна ў мінскіх кнігарнях.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.
Фота аўтара.