Выйшла ў свет кніга "Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы"

Выйшла ў свет кніга "Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы"


Пайшла ў свет новая кніга выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка” “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы”. Унікальнасць кнігі ў тым, што ў ёй надрукаваны 366 лістоў паэткі і грамадскай дзяячкі і каля сотні фатаздымкаў.

“Кніга нагадвае сабой Геніюшаўскі летапіс, летапіс культурна-палітычнага і грамадскага жыцця Беларусі за 1964-1983 гады,”- кажа ўкладальнік кнігі Міхась Скобла:

- Ларыса Геніюш з стараннем летапісца фіксавала ўсе падзеі, якія адбываліся ў тагачаснай Беларусі. У гэтым эпісталярным люстэрку яна паўстае жывым чалавекам. Лісты – гэта прывабны, інтымны жанр. Ларыса Геніюш прыходзіць да чытача паступова. Гэтае прыйсце грунтоўнае, назаўсёды. Пасмяротная слава больш надзейная.

Паэту трэба размаўляць пра што думаеш і чым жывеш. Размаўляць пра літаратуру з народам у Зэльве яна не магла, таму пісала сваім аднадумцам-пісьменнікам – лічыць Данута Бічэль."Калі памёр яе муж Іван Пятровіч, Ларыса магла напісаць мне пяць лістоў на дзень," – узгадвае паэтка. Аднойчы Ларыса Геніюш сказала, што ёй цяжка пісаць кнігу, бо трэба сканцэнтравацца, скласкці кампазіцыю – пачатак, канец, рытм, а лісты можна пісаць вольна, ад гэтага не стамляешся. Калі пішаш кнігу ў свет, не ведаеш, выдадуць яе ці не, а калі пішаш ліст і ведаеш, што ён дойдзе да чалавека праз дзень-два і яго прачытаюць, ты маеш аднаго чытача. "Адзін чытач для пісьменніка вельмі шмат," – пісала калісці ў сваіх лістах Ларыса Геніюш.

На думку ўкладальніка Міхася Скоблы, з кожнай кнігай Ларыса Геніюш будзе больш вядомая ў Беларусі. А калі ў свядомасці людзей яна ўсталюецца як класік, будзе цікава назіраць за дзеяннямі ўлады, якая забараняе яе імпрэзы, зрывае мемарыяльныя шыльды штолетась, і не рэабілітуе яе як паэтку.

Кацярына Мартыневіч, Гродна, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя