"Пераадоленне" Аляксандра Тамковіча

"Пераадоленне" Аляксандра Тамковіча


У Мінску прэзентаваны электронны варыянт кнігі Аляксандра Тамковіча “Пераадоленне”. На 120 старонках друкаванага тэксту аўтар распавядае лёс дванаццаці беларускіх інвалідаў, якія нягледзячы на знаходжанне у вазку, здолелі дамагчыся значных поспехаў у сваёй прафесійнай і творчай дзейнасці.

Пасля сустрэчы з дзясяткамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі Аляксандр Тамковіч параўноўвае жыццё беларускіх інвалідаў з вясновым надвор’ем: паводле аўтара, кожны дзень людзі ў інвалідных вазках вымушаны сутыкацца з усё новымі і новымі цяжкасцямі.

-- Сённяшняя надвор'е вельмі добра паказала тое, што я хацеў сказаць гэтай кніжкай і назвай гэтай кніжкі "Пераадоленне". Вясна як бы пераадольвае зіму, але зіма ўвесь час нейкія сюрпрызы падкідвае. Гэтак жа і ў гэтых людзей. У гэтай кніжцы 12 нарысаў. Кожны нарыс пра людзей зусім неардынарных, людзей, якія змаглі пераадолець сябе. У кожнага было па-рознаму, розныя цяжкасці жыццёвыя, менавіта звязаныя са здароўем, але яны здолелі сябе пераадолець.

Сярод узгаданых у кнізе лідар аб’яднання беларускіх інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі, чэмпіён свету ў штурханні ядра і прызёр Параалемпійскіх гульняў Уладзімір Патапенка, неаднаразовая чэмпіён свету Людміла Волчак, а таксама адна з аўтараў нашага радыё, публіцыстка Дар’я Ліс.

Выдаўцом папяровага варыянту кнігі, якая мае з’явіцца ў продажы цягам двух тыдняў, стане беларускі офіс па правах людзей з інваліднасцю, нядаўна адкрыты ў Мінску.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя