Найлепшыя беларускія гісторыкі сабраліся ў Варшаве

Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
13.11.2010


 

Ва Ўнівэрсытэце імя Лазарскага ў Варшаве адчынілася навуковая канфэрэнцыя пад назвай “Вяртаньне ў Эўропу: мінулае й будучыня Беларусі”.  На яе запрошаныя некалькі дзесяткаў вядомых гісторыкаў як з самой Беларусі, так і з Польшчы, Нямеччыны, Канады, ЗША. Навукоўцы сабраліся, каб абмеркаваць, якім чынам вывучэньне эўрапейскай спадчыны беларускага народу можа паспрыяць збліжэньню Беларусі зь яе сёньняшнімі заходнімі суседзямі.

“Гісторыя распавядае нам пра тое, хто мы ёсьць. Ад таго, зь якой пэрспэктывы мы глядзім на нашае мінулае, залежыць выбар нашай будучыні,” – такімі словамі дырэктар Унівэрсытэту імя Лазарскага Юліюш Мадэй адчыніў гістарычную канфэрэнцыю, якая сабрала прызнаных дасьледчыкаў беларускай мінуўшчыны. Пра ўдзельнікаў канфэрэнцыі распавядае адна зь яе арганізатараў гісторык Ірына Віданава.

І. Віданава: Мы запрасілі як вядомых у беларускай гістарычнай навуцы спэцыялістаў -  такіх як Захар Шыбека, Генадзь Сагановіч, Аляксей Літвін, так і маладых гісторыкаў, такіх як Ірына Кашталян, Наста Ільіна, Кірыл Касьцян. Шмат хто з гэтых маладых людзей піша свае кандыдацкія дысэртацыі за мяжой, таму можа паглядзець на гісторыю Беларусі ня толькі з уласна беларускай, але й эўрапейскай пэрспэктывы. Мы запрасілі вядомых польскіх гісторыкаў, якія займаюцца нашай краінай, а таксама Дэвіда Марплза з Канады – сусьветнавядомага экспэрта, які робіць вельмі глыбокія дасьледваньні, якія датычаць Беларусі.

Гісторык Ірына Віданава перакананая, што адраджэньне ведаў пра мінулае беларускага народу важнае для ўкараненьня грамадзянскіх каштоўнасьцяў сярод сёньняшніх беларусаў.

І. Віданава: Нашае гістарычнае мінулае, асабліва гісторыя Рэчы Паспалітай, можа падаць нам шмат урокаў, якія мы маглі б у лепшай ступені вывучыць. Гаворка ідзе й пра грамадзянскія правы, і пра канстытуцыю, і пра тое, якім чынам можна вучыцца ў розных краінах Эўропы, належачы да сьвету й не губляючы повязь са сваёй краінай. Такія ўрокі вельмі важна памятаць.

Другая мэта канфэрэнцыі – паспрыяць кантактам паміж беларускімі гісторыкамі й іх заходнімі калегамі.

І. Віданава: На жаль, гістарычная навука ў Беларусі па-ранейшаму застаецца вельмі ізаляванай ад дасьледаваньняў, якія робяцца ў іншых краінах. Таму падчас дыскусіяў у рамках круглых сталоў будзе абмеркавана, якія тэксты па гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы варта перакласьці на беларускую мову. На канфэрэнцыі будуць таксама сэкцыі, на якіх мы разгледзім, як сучасныя СМІ й недзяржаўныя арганізацыі могуць спрыяць пашырэньню гістарычных ведаў. Першая частка нашай канфэрэнцыі – тэарэтычная, а другая – накіраваная на практычныя вынікі.

Менавіта ў абмене думкамі паміж беларускімі гісторыкамі й дасьледчыкамі з замежжа бачыць галоўны здабытак канфэрэцыі адзін зь яе арганізатараў – публіцыст Андрэй Дынько.

А. Дынько: Трэба, каб нашыя гісторыкі сутыкаліся са сваімі заходнімі калегамі. Трэба, каб яны бачылі крытычныя погляды на свае творы, каб яны бачылі іншыя мэтадалёгіі. Гісторыя ў нас цяпер – перадавая навука. Гістарычныя кнігі прадаюцца ў Менску найлепш, а мне асабіста вельмі цікава слухаць гісторыкаў. Заўтра й пасьлязаўтра ў нас пройдуць інтэлектуальныя баталіі на самым высокім узроўні.               

Андрэй Дынько раіць усім слухачам Польскга Радыё набываць кнігі сучасных беларускіх гісторыкаў.

А. Дынько: Трэба чытаць Алега Латышонка, Генадзя Сагановіча, Алеся Смаленчука, Алеся Пашкевіча. Гэта будзе ня толькі карыснае чытаньне, але й вялікая асалода.

Беларускія гісторыкі прывезьлі з сабой у Варшаву ня толькі навуковыя даклады, але й цікавыя кнігі, набыць якія мог кожны жадаючы.

Фота
  • Фота 1/8
  • Фота 2/8
  • Фота 3/8
  • Фота 4/8
  • Фота 5/8
  • Фота 6/8
  • Фота 7/8
  • Фота 8/8

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё Фота: Юліюш Мадэй (дырэктар Унівэрсытэту імя Лазарскага)