|
|
Пабачыў свет новы навуковы зборнік па антрапалагічнай гісторыі “Гомо гісторыкус 2012”. Ён выдаецца Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэтам, які знаходзіцца ў Вільні.
Рэдактар гадавіка прафесар Алесь Смалянчук кажа, што гэтае выданне працягвае гісторыка-антрапалагічны падыход да вывучэння мінулага Беларусі:
- У гэтым апошнім томе я б звярнуў увагу на новыя раздзелы: “Гомо палітыкус” і “Студыя міфалогіка”. Вельмі важны раздзел “Беларусіка ў архівах і бібліятэках замежжа”, дзе мы ўпершыню паказваем пэўныя вынікі дзейнасці навуковага праекта па выяўленню невядомых матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў літоўскіх архівах. Апроч таго, тут прадстаўлены архівы і бібліятэкі Пецярбурга і нават Ізраіля.
Сярод найбольш цікавых публікацый - матэрыял айца Аляксандра Надсана “Еўрапеец у еўрапейскім горадзе: Скарына ў Вільні.” Сярод геаграфічнага прадстаўніцтва прысутнічае нават даследаванне японскага навукоўца.
Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя, Гродна