|
|
Выйшаў з друку чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Шосты нумар атрымаўся па-вясноваму "сакавіты" на паэзію. У ім друкуюцца вершы Дар'і Кабаковай, Паўла Баяркі, Марыі Магдалены Палхоўскай, Багдана Агрэста, Юліі Бажок, Арцёма Сітнікава, Алесі Птушкі, Дзмітрыя Лавіцкага, Юркі Буйнюка, Ігара Канановіча. Паэтычны майстар-клас для маладых творцаў падборкай "Знаёмы дождж" дае Рыгора Сітніцы. Проза прадстаўлена творамі Кацярыны Глухоўскай, Таццяны Дземідовіч, Міколы Касцюкевіча, Анатоля Бароўскага, Віктара Казько. У раздзеле "Пераклады" Аксана Данільчык знаёміць чытачоў з постаццю італьянскай паэткі Антоніі Поццы, а Сяргей Панізнік па-беларуску агучыў вершы ўкраінскай паэткі Аксаны Шалак. "Крытыку " ў нумары прадстаўляюць артыкулы Ірыны Хадарэнка, Юнэлі Сальніквай , Асі Паплаўскай і Алы Петрушкевіч. З літаратурнымі эцюдамі на старонках часопіса выступае Васіль Зуёнак, а Леанід Дранько-Майсюк дзеліцца сваімі запісамі з "Памятнай кніжкі". Аб гісторыі стварэння кнігі "Зведаная зямля" з яе аўтарам Віктарам Раманцовым гутарыць журналіст Марына Яўсейчык. Агляд заходнебеларускай дзіцячай перыёдыкі робіць Арсень Ліс. У артыкуле "Былі тады змеі" Ларыса Раманава аналізуе архітып змея ў фальклорнай прасторы Веткаўшчыны. Крытыкі Таццяна Мацюхіна і Анатоль Трафімчык рэцэнзуюць новыя зборнікі паэзіі Васіля Жуковіча і Аксаны Данільчык. У музычным раздзеле "Верасня" сакрэтамі сваёй творчасці з чытачамі дзеліцца "жывая легенда беларускага хіп-хопу" Vinsent. На пытанні музычнага аналітыка Альдоны Мартыненка адказваюць удзельнікі рок-гурта ":B:N:". Заканчваецца нумар аглядам навінак айчыннай дыскаграфіі, які па традыцыі робіць вядомы знаўца беларускай музычнай культуры Вітаўт Мартыненка.
Пытайце часопіс "Верасень" № 6 на сядзібе ТБМ, у Акадэмкнізе, кнігарні выдавецтва "Логвінаў".
Чытайце часопіс "Верасень" на старонках Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org а таксама на сайце СБП.
Дасылайце свае творы ў "Верасень" на e-mail: verasenchas@gmail.com