|
|
Кніга мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага стала ляўрэатам літаратурнай прэміі “Залатая літара”.
Кніга мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага “100 твораў XX стагоддзя” стала ляўрэатам літаратурнай прэміі “Залатая літара”. Гэтую ўзнагароду ўсталяваў пісьменьнік і выдавец Адам Глёбус. Менавіта ён разам зь інтэрнэт-карыстальнікам вызначае пераможцу. Сёлета меркаваньне юзэраў і Адама Глёбуса супалі.
Кніга Харэўскага – гэта збор сотні нарысаў па гісторыі мастацтва й архітэктуры Беларусі найноўшага часу. Разам зь ёй у кароткі сьпіс намінанатаў трапілі кнігі: “Міларусь” Лявона Вольскага й “Літаратура й нацыя” Алеся Бяляцкага. Але ажно 67% юзэраў прагаласавалі за кнігу Харэўскага.
Гэтыя нарасы Сяргей Харэўскі пісаў на працягу многіх гадоў. Тое, што яны ўрэшце пабачылі сьвет пад адной вокладкай, сталася не без удзелу Васіля Быкава. Ён калісьці спаткаў Сяргея Харэўскага й пахваліў за выдатныя эсэ. “Гэтыя словы заселі ўва мне стрэмкай я і мусіў дарабіць гэты праект” – кажа сёньня аўтар.
Перш за ўсё, віншую цябе Сяргей з прэміяй. Набраць 67% галасоў інтэрнэт-карыстальнікаў на сваю карысьць у сутычцы з такамі тытанамі, як Бяляцкі й Вольскі – гэта, сапраўды, як той казаў, элегантная перамога.
С. Харэўскі: Так, натуральна. Больш за тое, мяне зь імі зьвязвае шматдзесяцігадовае сяброўства. Мне вельмі шкада, што Бяляцкі ня можа зараз займацца літаратуразнаўствам, а ён цудоўны адмысловец. Тое ж тычыцца й нашага шаноўнага Лявона Вольскага, зь якім мы разам вучыліся ў мастацкім вучылішчы й за творчым росквітам якога я ўважліва сачыў. Бясспрэчна, аказацца ў такой кампаніі быў для мяне вялікі гонар.
Кніга паўставала шмат гадоў, яна ахоплівае велізарны пласт беларускага мастацтва, таму ня дзіўна, што і чытачы, і Адам Глёбус зрабілі такі выбар.
С. Харэўскі: Мне надзвычай пашанцавала з рэдактарам – Сяргеем Дубаўцом, якому й належыць гэтая ідэя. Менавіта ён змусіў мяне пісаць гэтыя эсэ для “Нашай Нівы” з 1997 году. Тады была такая мода, каб пад Міленіюм падвесьці вынікі стагодзьдзя: напісаць пра 100 кніг, пра 100 страваў з бульбы. Натуральным выглядала зрабіць агляд нашага мастацтва за мінулае ўжо 20 ст. Тады наклады газэт былі шматтысячныя, і ўжо прынамсі добрую траціну гэтых тэкстаў тысячы чытачоў маглі чытаць яшчэ напрыканцы 90-х гадоў.
У нас часам прасочваецца комплекс, што чужое – смачнейшае. Чужыя пісьменьнікі – цікавейшыя, а чужыя мастакі – пішуць прыгажэйшыя карціны. Ці было табе з чаго выбіраць, калі была пастаўлена планка ў 100 твораў?
С. Харэўскі: Я шкадую, што яшчэ імёнаў 50 ня ўлезла ў гэтую кнігу, хаця дзясятак эсэ пра іншых мастакоў ужо таксама напісаны. Я думаю, што калі будзе другое, палепшанае й папраўленае выданьне, то туды ўвойдуць тузін ужо гатовых нарысаў. У нас велізарная мастакоўская спадчына. Наша школа кніжнай графікі 80-х гадоў – гэта фэнамэнальная зьява сусьветнага маштабу. Наш жывапіс 60-70-х – гэта таксама калясальны наш скарб. І, канешне ж, цешыць моладзь, якая прыйшла пасьля 1991 году. Мастакоў у нас тысячы, і тысячы іх было. У кнізе згадана больш за тры сотні творцаў. Тое, што кніга апісвае 100 твораў, не азначае, што я не ўзгадаў іншых мастакоў.
То бок неўзабаве можна будзе чакаць працягу кнігі?
С. Харэўскі: На павестцы дня – перавыданьне. Наклад быў невялікі, ня ўсё ўвайшло, і сёньня мяне ўжо агітуюць і стымулююць, каб я не адкладаў у доўгую скрыню, а закатваў рукавы й цягам бліжэйшых гадоў падрыхтаваў перавыданьне.
Я сярод тых, хто здолеў займець асобнік тваёй кнігі, але шмат маіх сяброў наракае, што наклад для такой кнігі быў невялікі.
С. Харэўскі: Што можна сказаць тым, каму не дастанецца папяпярова кніга?! Яна ёсьць у PDF-фармаце ў Інтэрнэце на сайце Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які й выдаў мне гэтую кнігу. Менавіта ЭГУ быў выдаўцом чатырох апошніх маіх кніг, у тым ліку й гэтай. Большая частка тэкстаў ёсьць на маёй старонцы ЖЖ, а хто зусім нелянотны, той можа пагартаць падшыўкі газэт “Наша Ніва” канца 90-х.
дг