|
|
А. Танкачова: Стварэньне ў Беларусі інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека дае шанец грамадзянам і праваабаронцам.
Канстытуцыйны суд Беларусі падтрымлівае ідэю ўвядзеньня пасады ўпаўнаважанага па правах чалавкека – заявіў у сераду старшыня Канстытуцыйнага суду Пётр Міклашэвіч. Ці сур’ёзныя намеры ўладаў стварыць інстытут амбудсмэна й ці будзе ён эфэктыўна абараняць правы людзей у сёньняшняй Беларусі? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да беларускіх праваабаронцаў.
Амбудсмэн – гэта незалежны праваабаронца, да якога можа зьвярнуцца кожны грамадзянін, мінуючы доўгія працэдуры разгляду скаргаў у розных судовых інстанцыях. Упершыню ён быў абраны ў Швэцыі яшчэ ў 1819 годзе. У 20-м стагодзьдзі ўпаўнаважаныя па правах чалавека зьявіліся ў большасьці эўрапейскіх краінаў.
Законапраекту па стварэньні ў Беларусі пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека праваабаронцы ня бачылі. І ўвогуле гэтая ідэя не выносілася на грамадзкае абмеркаваньне – кажа сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Лабковіч.
В. Лабковіч: Ніводная праваабарончая арганізацыя, ня толькі незарэгістраваная “Вясна”, але й легальны БХК, ня мае дачыненьня да распрацоўкі гэтага законапраекту. З праваабарончымі арганізацыямі, зь якімі трэба раіцца й арганізоўваць дыскусію, ніхто ня раіцца й не размаўляе.
Валянцін Лабковіч лічыць, што размовы пра ўавядзеньне ў Беларусі пасады амбудсмэна так і застануцца размовамі.
В. Лабковіч: Цяперашняя ўлада прадэманстравала абсалютнае грэбаваньне ўсімі правамі, нават наўпрост гарантаванымі Канстытуцыяй. Яны ня могуць у адзін дзень вырашыць, што ім трэба зьмяняцца й амбудсмэн патрэбны гэтай дзяржаве. Таму я думаю, што пасада амбудсмана стане проста фікцыяй альбо яе ня будзе ўвогуле.
Ідэя стварыць у Беларусі пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека далёка ня новая – кажа Кіраўнік цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова. Яна актыўна абмяркоўвалася пасьля прыняцьця Канстытуцыі 1994 году. У 2003 годзе нават быў падрыхтаваны законапраект. Аднак ён выклікаў вялікую крытыку ў асяродзьдзі юрыстаў – кажа праваабарона Алена Танкачова.
А. Танкачова: Паводле гэтага праекту амбудсмэн павінен быў прызначацца непасрэдна кіраўніком дзяржавы. Гэта выклікала сур’ёзную крытыку сярод прафэсійнай юрыдычнай супольнасьці, у тым ліку сярод супольнасьці акадэмічнай.
З пачатку гэтага году Пётр Міклашэвіч ужо двойчы заяўляў пра намеры стварыць пасаду амбудсмэна. Нават калі ўлады вырашлі гэта ўсур’ёз, ад размоваў да рэалізацыі пройдзе ня менш за паўтара-два гады, лічыць Алена Танкачова.
Што ж можа зрабіць упаўнаважаны па правах чалавека ў аўтарытарнай краіне? Ці будзе ён незалежны, ці зможа эфэктыўна абараняць правы грамадзянаў? Нават ва ўмовах сёньняшняй Беларусі стварэньне інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека – гэта шанец, кажа праваабаронца Алена Танкачова.
А. Танкачова: Гэта шанец для грамадзянаў. Гэта шанец для праваабарончых арганізацыяў. Яны будуць мець яшчэ адзін мосьцік паміж уладамі й сваімі правамі ды свабодамі. Вельмі шмат залежыць ад асобы, якая апынецца на гэтай пасадзе. Калі яна ўсьвядоміць сабе важнасьць гістарычнага моманту, важнасьць сваёй пасады, а таксама ўсьвядоміць, што яна сапраўды можа штосьці зрабіць, каб зьмяніць сытуацыю з правамі чалавека, я падтрымліваю ідэю ўвядзеньня інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека нават у тых умовах, у якіх мы жывем і працуем.
Першы ўпаўнаважаны па правах чалавека ў Польшчы быў прызначаны ў 1987 годзе – яшчэ ў часы камуністычнай дыктатуры. Амбудсмэнам тады стала юрыстка Эва Лэнтоўска. Улады думалі, што прызначылі бязвольную й несамастойную асобу, якая не адыграе важнай ролі. Аднак Эва Лэнтоўска змагла прыцягнуць увагу СМІ й стаць сапраўдным абаронцам правоў грамадзянаў нават у аўтарытарнай дзяржаве – нагадвае Алена Танкачова.
Аляксандар Папко