|
|
"Наша задача - палепышыць статус беларускай мовы ў Польшчы" - заявіў Польскаму радыё віцэ-міністар адукацыі Польшчы.
У Польшчы пачалі працу над Стратэгіяй асьветы для беларускай нацыянальна меншасьці. Гэтым займаецца Міністэрства адукацыі пры ўдзеле беларускіх арганізацый у Польшчы. Афіцыйна працэс рушыў 8 сакавіка падчас сустрэчы прадстаўнікоў польскіх улад і беларускіх настаўнікаў на Падляшшы.
Чаго чакаць беларусам ад гэтага дакумэнту? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч гутарыў зь віцэ-міністрам адукацыі Польшчы Міраславам Селятыцкім.
Беларуская меншасьць у Польшчы - адна з найбуйнейшых у краіне. Чаму ажно пасьля 23 год існаваньня сувэрэннай Польшчы пачынаецца праца над гэтым дакумэнтам?
М. Селятыцыкі: Гэта лягічны крок. У грамадзян Польшчы беларускага паходжаньня ёсьць такое права, а дзяржава хоча ім дапамагаць. Беларуская мова – гэта частка гісторыі Падляшша. Мы кіруемся прынцыпам, што меншым трэба дапамагаць больш і, натуральна, у супрацы з зацікаўленым бокам.
У Польшчы жыве 47 тысяч этнічных беларусаў. А колькі зь іх вывучае беларускую мову ў школах?
М. Селятыцкі: Беларускую мову ў Польшчы ў 44 школах і садках вывучаюць 3 тысячы чалавек. Нягледзячы на дэмаграфічны спад беларускае школьніцтва стабільнае. За 10 год лічбы практычна не зьмяніліся, а ў некаторых месцах сыстэма нават удасканальваецца. Напрыклад, у Беластоку ў сярэдзіне 90-х увогуле не было ўрокаў беларускай, а цяпер гэта працуе.
У Беларусі па-беларуску размаўляе толькі траціна насельцніцтва. Чаму польская дзяржава фінансуе мову, ад якой, фактычна, адмовілася беларуская дзяржава?
М. Селятыцкі: У грамадзяніна Польшчы ёсьць такое права, а мы абавязаныя яму дапамагчы. Мы хочам, каб беларуская мова мела ў Польшчы добрыя ўмовы разьвіцьця, каб нашая адукацыйная сыстэма ўсяляк ёй спрыяла: у праграмах, падручніках, на экзаменах. Усё гэта відавочна.
Дарэчы, наконт падручнікаў. Беларускія настаўнікі на Падляшшы непакояцца, што яны ня будуць удзельнічаць у распрацоўцы падручнікаў навучаньня. Ці будзе прадугледжаны нейкі конкурс?
М. Селятыцкі: Без удзелу зацікаўленага боку нічога не адбудзецца. Галоўнае, каб беларуская меншасьць змагла сама распрацаваць падручнікі, бо вельмі часта з гэтым бываюць праблемы. Летувісы, напрыклад, самі рыхтуюць падручнікі, у іх ёсьць сваё выдавецтва. Мы адкрытыя на прапановы й нават вітаем гэта. Галоўнае, каб падручнікі выконвалі патрабаваньні польскай праграмы адукацыі. Дарэчы, мы разглядаем таксама магчымасьць увядзеньня электронных падручнікаў. У нас ёсьць партал scholaris.pl, на якім у будучыні будуць зьмешчаныя й падручнікі па беларускай мове. Доступ да іх будзе адкрытым. Мову зможа вывучаць кожны й ня толькі ў школе. І гэта мы плянуем унесьці ў стратэгію.
Нам вядома, што мовы нацыянальных меншасьцяў могуць перанесьці ў так званую другую групу навучаньня, і яно стане неабавязковым. А гэта, паводле прадстаўнікоў беларускай меншасьці, можа азначаць зьмяншэньне фінансаваньня. Калі б так сапраўды было, то гэта пярэчыла б вашым словам.
М. Селятыцкі: Такой пагрозы няма. Калі ёсьць пісьмовая заяўка бацькоў альбо паўнагадовага вучня, што ён хоча вучыцца па-беларуску, то ён зь неабавязковага прадмета адразу стане абавязковым. Усё вельмі дэмакратычна, калі нехта жадае, то будзе вучыцца на сваёй мове. Але зрабіць абавязковымі гэтыя заняткі мы ня можам. Гэта асабісты выбар кожнага. Каб зрабіць нешта для іншага, ён павінен найперш выказаць такое жаданьне.
У Варшаве, напрыклад, жыве шмат беларусаў. Як яны могуць арганізаваць беларускамоўны кляс у школе альбо групу ў садку?
М. Селятыцкі: Канешне, могуць. Ёсьць два шляхі. Калі гэта грамадзяне Польшчы й іх назьбіраецца 7 чалавек, то такі кляс будзе створаны. Калі ж гэта дзеці эмігрантаў, то закон дае ім права на бясплатныя заняткі, якія дапамогуць адаптавацца ў Польшчы. Крытычная маса ўжо ёсьць, але патрэбна самаарганізацыя меншасьці, бо адказнасьцю мы павінны дзяліцца разам.
У Польшчы цяпер зачыняецца больш за тысячу школ. Ці можна ў такой сытуацыі казаць пра інвэстыцыі ў беларускія школы?
М. Селятыцкі: Фінансавы мэханізм, пра як я ўжо казаў, больш спрыяе школам нацменшасьцяў, асабліва ў вёсках. Галоўную ролю тут граюць мясцовыя ўлады. Але з таго, што я ведаю, напырыклад, у Беластоку, адбываецца паляпшэньне базы. Але працы яшчэ шмат.
Школы, дзе выкладаецца беларуская, гэта ўсё ж польскія школы, а беларуская мова там – дапаможная. Ці магчыма ў іх павялічыць узровень беларускасьці?
М. Селятыцкі: Натуральна, нашая мэта – павялічваць колькасьць гадзін выкладаньня беларускай мовы: увесьці прапорцыю 50 на 50 альбо цалкам перавесьці на беларускую. Асабліва ў тых мясцовасьцях, дзе шмат беларускамоўных. Спадзяюся, што так яно й будзе. Менавіта таму мы й працуем над стратэгіяй, бо патрэбныя матэрыялы, падручнікі. Але памятайце, што ў першую чаргу – гэта выбар людзей, мясцовых беларусаў. Пазыцыя польскіх уладаў відавочная – мы хочам палепшыць пазыцыю беларускай мовы й культуры. Але для тых грамадзян, якія гэтага жадаюць. Пра палянізацыю ня можа быць і гаворкі. Мы хочам, каб нашыя грамадзяне былі добрымі грамадзянамі. А этнічнае паходжаньне грамадзяніна й яго культура - гэта ні ў якім разе не абмежаваньне, наадварот – гэта факт, які яго узбагачае.