|
|
Галоўнае мерапрыемства прайшло ў Ваяводскім асяродку анімацыі культуры “Сподкі” ў Беластоку.
У праграме святкавання былі музычныя выступы дзяцей і моладзі з Бельска Падляшскага ды Беластока. Удзельнікі мерапрыемства пабачылі рэпартажы Міколы Ваўранюка пра выбары 2010 года ды дакументальны фільм пра Алеся Бяляцкага. Прачытанае было таксама пасланне ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Як адзначыў старшыня Саюза беларусаў у Польшчы Яўген Вапа, пасланне прысвечана было між іншым палітвязню Сяргею Каваленцы.
– У гэтых дзвюх асобах уяўляецца незалежная беларуская дэмакратычная грамадскасць. Гэтыя ідэалы падтрымліваюць сотні тысяч беларусаў. Яны з'яўляюцца выяўленнем лёсу нашай нацыі, яны ёсць у розных сферах, праяўляюць павагу і годнасць да нашага мінулага і змаганне за правы быць беларусам.
Як што год арганізатары падрыхтавалі невялікія ўзнагароды, бел-чырвона-белыя букеты асобам, якія працуюць для развіцця беларускасці на Падляшшы. Сёлета гэтае вылучэнне атрымалі фалькларыст Сцяпан Копа, Марцін Рэмбач, старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча – Беларусь ды Міраслаў Пякарскі. Па словах Яўгена Вапы, Міраслаў Пякарскі на працягу многіх гадоў “ціха” дапамагае ў рэалізацыі беларускіх ініцыятываў на Падляшшы. Святкаванне Дня Волі ў Польшчы было запачаткавана яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў беларускімі студэнтамі ў Варшаве і з таго часу бесперапынна праходзіць кожны год.