|
|
Інтрыга прэміі Гедройца: пераможца П.Касьцюкевіч - муж М.Мартысевіч – сакратаркі конкурса.
Прэмія імя Гедройца ўручаная. Інтрыга, якая цягнулася ад лістапада, скончылася нават не падчас фінальнай імпрэзы, а ў самым яе канцы. Прысутныя чамусьці меркавалі, што прэмію дадуць раману Артура Клінава “Шалом”. Твор найбольш парэклямаваны, пра яго гучала адусюль – ды й па выніках інтэрнэт-галасаваньня ён перамог. Таму перамога Паўла Касьцюкевіча стала для многіх нечаканай. Аднак і ў тым, што ён варты гэтай прэміі, не сумняецца ніхто. Пра гэта нам сказаў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Барыс Пятровіч: У цэлым вынік, канешне, непрадказальны. Бо я казаў ужо раней, што відавочнага фаварыта не было, і пераможцам мог стаць кожны з тых, хто быў у гэтай шасьцёрцы “шорт-лістэраў”. І таму да апошняга моманту не было вядома, хто стане пераможцам. І калі выявілася, што пераможцам стаў Павал Касьцюкевіч, я ў прынцыпе парадваўся гэтаму, што ёсьць у сьвеце нейкая аб’ектыўнасьць. Лічу, што ён сапраўды цікавы пісьменьнік, зь вялікаю пэрспэктываю. І гэтая прэмія – ня толькі адзнака ягонага сёньняшняга посьпеху, яго сёньняшняя праца, але й надзея на тое, што ён напіша новыя творы й парадуе нас імі.
А Вы асабіста за каго галасавалі?
Барыс Пятровіч: А можна пра гэта не казаць?
Аляксандар Ціхановіч ужо адмовіўся – і чым скончылася?
Барыс Пятровіч: Я галасаваў за траіх. А ў якім парадку расcтавіў – гэта ўжо няважна.
Сярод іх быў Павал Касьцюкевіч?
Барыс Пятровіч: Быў на першым месцы.
Сам Павал Касьцюкевіч кажа, што да апошняга моманту й падумаць ня мог, што стане галоўным пераможцам.
Вы не баяліся, Павал, што будзе як на Эўрафэсьце?
Павал Касьцюкевіч: Шчыра, яго не гляджу. Ва ўсім гэтым ёсьць элемэнт Эўрабачаньня, ёсьць элемэнт спартовага спаборніцтва. Я думаю, што гэта добра, што ў інтэрнэце пачаліся абмеркаваньні, нарэшце пачалі чытаць. Я думаю, што за нейкім інтарэсам прыйдзе й сталае зацікаўленьне літаратураю.
І там, і тут ёсьць глядацкае галасаваньне, а ёсьць галасаваньне журы. І ў глядацкім галасаваньні перамагла іншая кніга – раман “Шалом” Клінава. Хто Вам даражэй: народ ці прафэсійнае журы?
Павал Касьцюкевіч: Ну, канешне, народ! Але мы паглядзім, як будуць прадавацца кніжкі. Бо кніжка толькі выйшла 2 месяцы таму, спадзяюся, што будзе попыт на яе.
Плянуеце дадрукоўваць тэрмінова ў гэтую ноч наклад?
Павал Касьцюкевіч: Ну, гэта трэба спытаць выдаўца Ігара Логвінава – як ён сёньня прабавіць Дзень пісьменьніка? Можа быць, за варштатам?
Дарэчы, а колькі наклад кніжкі?
Павал Касьцюкевіч: 500 асобнікаў.
Як Вам тое, што ў такой значнай літаратурнай прэміі перамагае кніжка накладам усяго 500 асобнікаў?
Павал Касьцюкевіч: Мы - маленькая краіна. Параўноўвайце нас з Чэхіяй, Сэрбіяй. Чаму Вы параўноўваеце з Польшчаю, Расеяй ды Ўкраінаю? І пяцьсот – ня так ужо й блага. Нармальны пачатак для кнігі.
Марыйка Мартысевіч на гэтай прэміі – чалавек у 2 асобах. Па-першае, яна была сакратаркай прэміі, уся арганізацыйная частка была на ёй. Па-другое, яна – жонка Паўла Касьцюкевіча, што неадкладна выклікала размовы кшталту “жонка мужу 13 тысяч баксаў падсудзіла”. Хоць, нагадаем, у журы Марыйка не ўваходзіць. Што яна думае пра такія размовы?
Марыйка, у Вас, як жонкі пераможцы, якія зараз эмоцыі?
Марыйка Мартысевіч: Ну, падвойныя, канешне. З аднаго боку, вельмі хацелася, каб Павал перамог – ён вельмі перажываў, ён вельмі сур’ёзна ставіцца да таго, што ён ёсьць пісьменьнікам. Зь іншага боку, у мяне ўвогуле прытупленыя эмоцыі, бо на мне была ўся арганізацыйная праца, мы працавалі на гэтую прэмію зь лістапада. Радасна, што ўсё адбылося, што нічога не сарвалася, нягледзячы на дыпляматычныя скандалы.
Марыйка, думаю, мы яшчэ не пасьпеем дайсьці дахаты, а ўжо ў інтэрнэце напішуць – ну, канешне, галоўная арганізатарка, вось мужанёк прэмію й атрымаў.
Марыйка Мартысевіч: Ужо напісалі.
Што Вы будзеце адказваць на гэтыя закіды?
Марыйка Мартысевіч: Можа быць, яны паблыталі прычыны й наступствы? Ніхто не падумаў, што я магла стаць жонкаю гэтага чалавека таму, што ён піша файную прозу?
Чаму сёньня многія людзі ў зале меркавалі, што пераможа кніга Клінава?
Марыйка Мартысевіч: Артур Клінаў вельмі добра падбаў пра рэкляму, ягоная кніжка была паўсюль. Калі б у нас была нармальная кніжная прамоцыя, такая рэкляма была б вакол кожнай з шасьці кніжак.
Марыйка, ці ёсьць спадзеў, што прэмія стане рэгулярнай – улічваючы гэты дыпляматычны скандал?
Марыйка Мартысевіч: Я думаю, што нават у тых, хто ініцыяваў гэтыя канфлікты, няма сумневаў, што палітыка й культура – рэчы розныя. Тое, што гэтая прэмія адбылася, нягледзячы ні на што, гэтаму лішняе пацьверджаньне. У польскага боку ёсьць намер працягваць гэтую працу, у банка – таксама. Але ў беларускіх умовах ніколі нічога нельга сказаць напэўна.
Прэмія Гедройца ўручаная ў Менску, яе атрымаў празаік Павал Касьцюкевіч. Арганізатары спадзяюцца, што прэмія стане рэгулярнай.
Арцём Багданаў, Менск