Эльжбета Смулкова ў эфіры Радыё Палёнія

Яна працавала ў Беларусі ў вельмі складаны, але вельмі важны для беларускай дзяржавы пэрыяд.


Сёньня спаўняецца 20 гадоў з моманту ўсталяваньня польска-беларускіх дыпляматычных адносін. Першым амбададарам Польшы ў Беларусі была вядомая беларусістка, прафэсарка Эльжбета Смулкова. Яна працавала ў Беларусі ў вельмі складаны, але вельмі важны для беларускай дзяржавы пэрыяд (1992-1995).

Эльжбета Смулкова ўзгадвае, што падчас сваёй працы ёй давялося падрыхтаваць больш за 20 міжурадавых і амаль столькі ж міжведамасных пагадненьняў. Паводле словаў дыпляматкі, гэта была вельмі складаная праца, між іншым, таму, што звычайна не было адпаведных юрыдычных і дыпляматычных моўных тэрмінаў.

Падчас сваёй працы ў Менску Эльжбеце Смулковай давялося рыхтаваць візыт у Менск прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы й прэм’ер-міністра Ганны Сухоцкай, а таксама візыт у Польшчу першага прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча й старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.

Прафэсарка зьвяртае ўвагу на тое, што ў тыя часы ў Амбасадзе працаваў калектыў маладых людзей, якія сёньня займаюць у Польшчы важныя дзяржаўныя пасады.

Закранаючы справу пагаршэньня адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, госьць эфіру лічыць, што, як ні дзіўна гэта гучыць, пагаршэньне наступіла тады, калі двухбаковыя адносіны набралі найлепшай якасьці. Складваецца ўражаньне, што непрыхільныя беларускаму адраджэньню сілы вырашылі ўмяшацца. Камусьці хацелася, каб Беларусь не ішла ў заходнім кірунку, - кажа Смулкова Яна зазначае, што ў гэтай справе шмат залежыць ад самой Беларусі, і дадае, што добрыя адносіны неабходна будаваць з усімі суседзямі.

Эльжбета Смулкова вельмі добра ўспамінае сваю працу ў Беларусі, у першую чаргу цеплыню й дабрыню звычайных беларусаў.

кр

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё