|
|
Гэта мірная дамова, падпісана ў горадзе Берасьце, паміж Кайзэраўскай Нямеччынай, Аўстра-Венгерскай імпэрыяй, Турцыяй і Балгарыяй з аднаго боку, і з бальшывіцкай Расеяй з другога.
Берасьцейскі мір азначаў капітуляцыю Расеі й выхад яе зь Першай Сусьветнай вайны. Чаго, па сутнасьці дамагаліся немцы, калі падтрымлівалі ідэю арганізацыі рэвалюцыі ў Расеі.
Перамовы пра падпісаньне міру пачаліся 14 лістапада 1917 году, амаль адразу пасьля рэвалюцыі. Адным з патрабаваньняў Савецкай Расеі быў двухбаковы вывад войскаў з занятых тэрыторыяў і заключэньне міру без анэксій і кантрыбуцый. У сваю чаргу нямецкая камісія заявіла, што некаторыя былыя тэрыторыі Расеі, як Літва, Польшча, Курляндыя выказаліся за выхад са складу Расеі й таму ня могуць разглядацца ёю як прыналежныя да Расеі тэрыторыі. Пазьней да перамоваў далучылася дэлегацыя Ўкраінскай Народнай Рады, якая таксама не прызнавала ўлады Савецкай Расеі.
Бальшывіцкі ўрад ня мог пагадзіцца з гэтай сытуацыяй і таму ў Маскве было прынята рашэньне зацягваць перамовы зь немцамі як мага даўжэй у спадзяваньні на рэвалюцыю ў самой Кайзэраўскай Нямеччыне. Бальшавікі нават распачалі рэвалюцыйную агітацыю сярод нямецкіх вайскоўцаў, але яна была вельмі хутка спынена нямецкім камандваньнем. Але рэальных магчымасьцяў у бальшывікоў супрацьстаяць нямецкаму напору не было.
У студзені 1918 году немцы зьмянілі патрабаваньні й паставілі бальшывікоў перад фактам, што яны займаюць прыбалтыйскія тэрыторыі, Польшчу, частку Беларусі й Украіны.
Зразумела, што савецкая дэлегацыя, на чале з Троцкім, адмовілася падпісваць гэтыя пагадненьні, хаця Ленін настойваў на падпісаньні зь немцамі міру ў любым выглядзе.
У адказ 18 лютага 1918 году нямецкае камандаваньне ўзнавіла вайсковыя дзеяньні супраць Расеі. За пяць дзён немцы прасунуліся ў глыб расейскіх тэрыторыяў на 200-300 км. Цалкам занялі Беларусь і значную частку Ўкраіны.
Петраград быў пераведзены на вайсковае палажэньне. Менавіта тады 23 лютага ўтвараюцца рэвалюцыйныя рабочыя войскі для абароны гораду ад немцаў. Гэты дзень лічыўся днём савецкага войска й ваенна марскога флёту ў СССР, а зараз зьяўляецца Днём абаронцы айчыны.
Бальшывікі апынуліся ў тупіковай сытуацыі й вымушаныя былі пагадзіцца зь нямецкімі патрабаваньнямі.
3 сакавіка 1918 году быў падпісаны Берасьцейскі мірны дагавор. У выніку падпісаных дамоўленасьцяў ад Расеі была адарваная тэрыторыя ў 780 тыс. кв. кілямэтраў з насельніцтвам у 56 мільёнаў чалавек. Дамоўленасьці зь немцамі сталіся штуршком для грамадзянскай вайны ў Расеі.
Берасьцейскі мір праіснаваў да лістапада 1918 году.
Павал Усаў