|
|
У Мінску прайшла першая цырымонія Літаратурнай прэміі імя Гедройца за найлепшую кнігу беларускай прозы, выдадзенай у 2011 годзе.
Першае месца і прэмію ў суме 105 мільёнаў рублёў атрымаў Павел Касцюкевіч за зборнік прозы “Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту” (Мінск: Логвінаў).
Вынік быў не надта чаканым для самога аўтара, бо, напрыклад, у чытацкай апытанцы на сайце прэміі лідарамі былі Артур Клінаў і Андрэй Федарэнка. Таму, магчыма, Павел Касцюкевіч быў вельмі лаканічны ў стасунках с прэсай:
- Трэба пісаць далей. У нас маленькая краіна. Камусьці з нас павінны былі ўручыць. Уручылі мне. Што тут дзіўнага? Не такая вялікая культура, каб здзіўляцца. Нейкую суму адлічу Сяргею Каваленку і ягонай сям'і, бо ён прымае пакуты за ўсіх нас. А за астатнія грошы паеду ў Ізраіль. Даўно там не быў. Гэта мая другая Радзіма.
Вось як ахарактарызаваў для Рацыі пераможца і яго прозу сябра журы, філосаф Валянцін Акудовіч:
- Мне карціць назваць Паўла Касцюкевіча беларускім Бабелем у постмадэрную эпоху. Але ніякі ён не Бабель, ён Касцюкевіч, цалкам адметны аўтар з новым стылем, які не падобны да іншых. А да таго ж у яго цёплая ўсмешлівасць, з якой ён апісвае сваіх герояў. Павел Касцюкевіч вельмі чалавечы пісьменнік.
Альгерд Бахарэвіч атрымаў 2-е месца за “Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча”. Гэта месяц побыту ва Уроцлаве і выданне кнігі ў Польшчы.
3-е месца ў Андрэя Федарэнкі за кнігу “Мяжа”. Месяц побыту ва Уроцлаве. Сам пісьменнік на цырымонію не прыйшоў.
Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя
Фота Аляксандра Янусіка для Радыё Рацыя