У Мінску даследавалі “жаночы характар”

У Мінску даследавалі “жаночы характар”


У мінскай бібліятэцы імя Цёткі прайшоў салон-дыскусія з удзелам выключна жанчын-творцаў. Як аказалася, жаночаму характару ўласна не толькі музыка ды вершы – былі і разважанні пра сапраўдны сімвал Беларусі, літаратурны шлях краіны і проста аповеды пра звычайнае жыццё.

Нягледзячы на частае меркаванне, што цяпер беларусам не да творчых імпрэзаў, заля бібліятэкі была поўнай.

Пра ідэю салону-дыскусіі і адрозненні імпрэзы ад папярэдніх кажа адна з арганізатараў паэтка Віка Трэнас:

-- Мы вырашылі крышку памяняць фармат і не рабіць сустрэчу, маючы намер сабраць стадыён. Вырашылі зрабіць камерную вечарыну з назвай “салон-дыскусіі”, г.зн. што выступаюць дзяўчаты, якія і самі з’яўляюцца творчымі асобамі: пісьменніцамі, музыкантамі, як, напрыклад, Наталля Пушкарова. Але таксама яны паралельна займаюцца іншымі цікавамі справамі, кіруюць сваімі культурнымі праектамі, як тая ж Валярына Кустава, якая супрацоўнічае з ініцыятывай “Твой фэст”, альбо паэтэса Аксана Спрынчан, якая кіруе Паэтычным тэатрам “АРТ.С”.

Паэтка Валярына Кустава ўражаная творчасцю і лёсамі герояў салону-дыскусіі:

-- Мы ўбачыліся з гледачамі, яны даведаліся пра нашыя гісторыі, пра нашыя праекты, то бок пойдзе пэўны розгалас. Другі момант – гэта тое, і мне было асабіста вельмі прыемна даведацца, што існуюць такія цудоўныя жанчыны і цудоўныя дзяўчаты, якія ладзяць абсалютна розныя праекты ад літаратурных, культурніцкіх да праектаў сям’і. У гэты вечар было чым здзіўляцца, чым захапляцца і, думаю, што не толькі слухачам, але кожнаму з удзельнікаў гэтая сустрэча дала вельмі шмат.

У імпрэзе бралі ўдзел Святлана Дзянісава – галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, Валярына Кустава – літаратарка, мастацтвазнаўца, аўтар ідэі і адзін з каардынатараў ініцыятывы “Твой фэст”, Аксана Спрынчан – літаратарка, дырэктар Паэтычнага тэатра АРТ.С., бард Наталля Пушкарова, Ала Быкоўская – мама, якая зараз выхоўвае дзвюх прыёмных дзяўчынак.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя