|
|
Міхась Андрасюк - лаўрэатам узнагароды Казанецкага
Беларускі аўтар Міхась Андрасюк і кніга “Biały Koń”, а таксама Ян Каміньскі і кніга “Książka meldunkowa” – сёлетнія лаўрэаты літаратурнай прэміі прэзідэнта горада Беласток імя Веслава Казанецкага.
Урачыстасць абвяшчэння лаўрэатаў прайшла ў беластоцкім цэнтры імя Людвіка Заменгофа.
Як адзначае Міхась Андрасюк, які быў намінантам на атрыманне прэміі таксама і ў мінулым годзе, ён не чакаў гэтай узнагароды:
– Калі шчыра казаць, то не чакаў. Праўда, я другі год запар дабраўся да ўзнагароды літаратурнай прэміі імя Веслава Казанецкага, але не спадзяваўся, што зайду так далёка. Так што нечаканая ўзнагарода, але вельмі прыемная.
Міхась Андрасюк кажа, што для яго як аўтара, заўсёды важная таксама і ўвага чытача:
-- Сапраўды хочацца, каб нехта ўзяў гэтую кніжку і прачытаў яе, каб яна сапраўды жыла. Я думаю, што ў гэтым роля такіх літаратурных конкурсаў – гэта рэклама кніжкі, рэклама аўтара, а ў нашым выпадку, таксама рэклама Падляшша.
Кніга Міхася Андрасюка “Белы конь” была першапачаткова напісаная па-беларуску, а пазней перакладзеная на польскую мову Марцінам Рэмбачам. Журы ўзнагароды адзначыла таксама добрую працу перакладчыка, які здолеў захаваць настрой твора.
Другі лаўрэат прэміі – Ян Каміньскі з гумарам кажа, што гэта адна з першых узнагарод за ягоны творчы шлях:
– За ўсё жыццё не атрымаў ніякай узнагароды. Дакладней, адзін раз атрымаў, але ў мяне яе забралі: атрымаў нетто, а забралі брутто. Таму гэта мой дэбют, калі казаць пра ўзнагароды. Шкада, што так позна, у сталыя гады. Цяпер нават не буду ведаць, куды гэтыя грошы патраціць. У часы, калі меў здароўе, то ведаў бы...
Прэзідэнт горада Беласток Тадэвуш Трускаляскі пагаджаецца з меркаваннем, што апошнім часам павялічылася цікавасць да літаратуры памежжа:
-- Сёння гэта асабліва цэннае, таму што ў свеце глабалізацыі, у свеце, калі ўжо не заглядаеш у крамы, выязжаючы за мяжу, бо ўсюды знойдзеш тое самае, шукаем чагосьці арыгінальнага. І менавіта пры сутыкненні розных культур ствараюцца ўнікальныя рэчы, якіх не можна падрабіць і якія не паддаюцца глабалізацыі.
Прэмія імя Веслава Казанецкага прызначаецца тым аўтарам, якія так ці іначай звязаныя з Беластокам або з беластоцкім літаратурным асяроддзем. У мінулым годзе яе лаўрэатамі сталі Ян Леанчук за ўвесь творчы набытак і аўтар беларускага паходжання Ігнацы Карповіч за кнігу “Баладыны і рамансы”.
Яна Запольская. Радыё Рацыя