|
|
У краінах Цэнтральнай Эўропы актывізаваўся працэс разьліку з камунізмам.
Польскі суд прызнаў злачынствам ваеннае становішча 1981 году, а Летува апублікавала спісы рэзэрвістаў КДБ. Толькі ў Беларусі гэты працэс спынены.
Нядаўна ўплывовая амэрыканская штодзёнка „New York Times” апублікавала абшырны артукул, у якім аналізуе гістарычны суд над камуністычным мінулым. Газэта піша, што ў Балгарыі ўрад адклікаў амбасадараў, якія былі агентамі камуністычнай службы бясьпекі. У Македоніі публікуюцца імёны былых “сексотаў” (сакрэтных супрацоўнікаў), а вугорцы ўнесьлі папраўкі ў Канстытуцыю, якія адмяняюць тэрмін даўнасьці камуністычных злачынстваў.
Паводле амэрыканскіх журналістаў, палітычныя эліты Цэнтральнай Эўропы ўзяліся за выкананьне незавершанай працы, бо расплата за камунізм была незавершаная. Больш падрабязна распавядае зь Нью-Ёрку карэспандэнт Польскага радыё Томаш Сяменьскі.
Томаш Сяменьскі: Першая краіна, дзе ўзьнялася новая хваля разьліку з камунізмам - Польшча. Гэта відаць як па дзеяньні ўраду, так і па дасьледчых працах. Некаторыя зь іх імкнуцца „скончыць зь мінулым”, а іншыя патрабуюць пакараньня за зьдзейсненыя ў камуністычныя часы злачынствы. Напрыклад, нядаўна польскі суд вынес вэрдыкт ініцыятарам увядзеньня ваеннага становішча, прызнаючы іх злачынцамі. „New York Times” піша, што ў Цэнтральнай Эўропе ўдалося пераламаць „змову маўчаньня”, якая панавала дагэтуль што да камуністычнага мінулага. Сёньня пра злачынствы камунізму паказваюць дакумэнтальныя ды мастацкія фільмы, пра што сьведчыць посьпех фільму Антонія Краўзэ „Чорны чацьвер”.
Суд над камуністычным мінулым працягваецца ня толькі ў Польшчы. Так, у суседняй Летуве Цэнтар дасьледаваньняў генацыду ды супраціву апублікаваў нядаўна сьпісы рэзэрвістаў савецкага КДБ. Сярод 238 чалавек у гэтым спісе апынуліся й высопастаўленыя палітыкі. Распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Рэната Вітман.
Рэната Вітман: Найбольш вядомы рэзэрвіст - Антанас Валёніс, былы амбасадар Летувы ў Польшчы й былы міністар замежных справаў у 2000-2006 гг. Пасьля вайсковай службы ў 1981 годзе ён быў пераведзены ў запас КДБ. Летувіскі палітык не абвяргае гэтай інфармацыі. Дырэктар летувіскага Цэнтра генацыду ды супраціву Бірутэ Бараўскайтэ паведаміла, што неўзабаве цэнтар апублікуе сьпіс усіх былых супрацоўнікаў КДБ. Іх справы скануюцца й неўзабаве будуць у інтэрнэце. Гэта стала магчыма пасьля 2010 году, калі летувіскі Сэйм прыняў папраўкі ў закон аб люстрацыі ды дазволіў цэнтру публікаваць сакрэтныя дакумэнты савецкага КДБ. Такім чынам дэпутаты хочуць скончыць працэс люстрацыі ў Летуве.
Расплатай за камуністычнае мінулае займаюцца ва Ўкраіне ды Расеі, і толькі ў Беларусі гэты працэс спынены ўладамі, кажа гісторык Ігар Кузьняцоў.
Ігар Кузьняцоў: У Расеі ды ва Ўкраіне ў дачыненьні да злачынстваў, зьдзейсненых у савецкую эпоху, службы бясьпекі далі інфармацыю, хоць і ня поўную. Апублікаваныя месцы пахаваньняў, сьпісы ахвяраў, называюцца прозьвішчы супрацоўнікаў НКУС, адказных за здзяйсьненьне гэтых злачынстваў. Зразумела, што «другога Нюрнбэрга» не было ані ва Ўкраіне, ане ў Расеі, але там зроблена нашмат больш па ўсьведамленьні гістарычнага мінулага, чым у Беларусі. Яшчэ да Лукашэнкі пытаньні люстрацыі ды публікацыі сьпісаў агентуры былі проста размовамі, улады думалі, што некалі гэтым зоймуцца. З 1994 году па сёньня гэтае пытаньне ня толькі не ўздымаецца, але ўвогуле зьяўляецца закрытым для абмеркаваньня.
У Беларусі гэтымі пытаньнямі займаюцца толькі паасобныя спэцыялісты ды грамадзкія ініцыятывы. На думку амэрыканскаіх публіцыстаў, нельга выключыць вяртаньня таталітарных рэжымаў. Адзіная вакцына супраць таталітарызму –разуменьне таго, як дзейнічалі таталітарныя ўлады ды праўда пра іх злачынствы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч