|
|
І сапраўды, дзінь-дзілінь, пара гуляць у казкі! Дыск аўдыёказак з такой назвай прэзэнтаваны ў Менску. Колькі часу таму мы распавядалі пра аднайменную кнігу віленскага беларуса Сержука Вітушкі, якая выйшла на ахвяраваньні ягоных сяброў і паплечнікаў. Сяржук Вітушка – адзін са стваральнікаў легендарнай “Талакі”, цяпер апынуўся ў надзвычай цяжкім становішчы – праз цукрыцу, якая прагрэсуе, страціў зрок. Але не губляе аптымізму, працягвае ствараць.
На аўдыёдыску зьмешчаныя 12 казак на 12 вечароў. Чытаюць іх вядомыя людзі – паэты, музыкі, акторы й нават адзін дыплямат. Паспрабуем коратка прэзэнтаваць дыск вашай увазе.
Напрыклад, вось казка “Залатое яечка”, якую чытае лідар гурта “Палац” Алег Хаменка. Акторка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык прачытала казку “Вадзіца жывая-мёртвая”. Музыка Лявон Вольскі распавёў казку пра тое, “Як Дзед Мароз новае сьвята прыдумаў”. Зьміцер Вайцюшкевіч прачытаў “Казачку на вербную нядзельку”. Паэт Андрэй Хадановіч інтрыгоўным тонам распавядае дзеткам пра Вільнюсь. Бард Алесь Камоцкі ва ўласьцівай яму мяккай манеры падзяліўся з намі “Казачкай пра цмока Бызылішку”. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прачытаў на дыску “Казку пра герб”. Легендарная дыктарка Зінаіда Бандарэнка чытае “Казку пра гімн”. Таксама казкі чыталі Адам Глёбус, Тамара Лісіцкая, Сяржук Сокалаў-Воюш.
Самым нечаканым чытальнікам стаў, канешне, амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, якому выпала чытаць казку “На Купальле”.
Мы задалі спадару Эрыксану колькі пытаньняў.
Ці адразу вы пагадзіліся прачытаць казачку для беларускіх дзетак?
Стэфан Эрыксан: Я нядоўга падумаў і, канешне, пагадзіўся. Хоць мы ў той час ужо рыхтавалі свой уласны праект са швэдзкімі казкамі, якія чытаў Зьміцер Вайцюшкевіч па-беларуску. Але я вырашыў, што магу таксама паспрабаваць. Мне, шчыра кажучы, спадабалася – хоць як атрымалася, меркаваць іншым. Вельмі прыемна патрапіць у такую кампанію вядомых беларускіх літаратараў, сьпевакоў, музыкаў, паважаных людзей.
А чым адрозьніваюцца швэдзкія казкі ад беларускіх?
Стэфан Эрыксан: Я ня так добра ведаю беларускія казкі, на жаль… Швэдзкія казкі бываюць вельмі розныя. Пасьля Астрыд Ліндгрэн у нас пайшла плынь вельмі моцных дзіцячых пісьменьнікаў, якія пішуць вельмі розныя казкі – і традыцыйныя, і вершаваныя, казкі пра звычайнае жыцьцё дзяцей. Вельмі важна, каб малыя дзеці чыталі кнігі, і каб яны потым захавалі інтарэс да кніг і працягнулі чытаць ужо дарослымі.
Казкі віленскага беларуса Сержука Вітушкі выйшлі ў форме аўдыёдыска, дзе іх чытаюць 12 вядомых беларусаў.
Арцём Багданаў, Менск